Беларуская Смаленшчына

Смаленшчына -- адвечная зямля беларускага народу...

Уладзімер Сядура-Глыбінны



 

smalensk.webstolica.ru


Галоўная · Мапа

 

НАВІНЫ
11.10.09
Выйшла з друку кніга Алега Трусава “Невядомая нам краіна: Беларусь у яе этнаграфічных межах”. Першы раздзел кнігі распавядае пра дзяржаўныя утварэнні беларускага народа, якія ў афіцыйнай (беларускай і замежнай) гістарыяграфіі не...
15.08.09
Першы выпадак захворвання на "свіны грып" выяўлены ў Смаленску, перадае "Інтэрфакс". Вірусам заразілася жанчына, якая цяпер знаходзіцца ў бальніцы. Па словах медыкаў, па дапамогу яна звярнулася сама, адчуўшы сябе кепска пасля вяртання з...
08.07.09
Мэра Смаленска ў Беларусі абчысцілі.Пашпарт міліцыя знайшла, а вось грошы зніклі.Як паведаміў БелаПАН начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Брэсцкага АУСТ Віктар Жабрун, 2 ліпеня да іх у дзяжурную часць звярнуўся дарадца мэра Смаленска. Ён...


Нашыя сябры:

Казкі беларускія! 

Цэнтр этнакасмалогіі KRYŬJA 

Жывы Магілёў

 Погляд

Юры Карэтнікаў

 Беларускі ўсход. Наша Смаленшчына
 
Асабіста для мяне, пытаньне беларускай Смаленшчыны шчыльна зьвязана з маім родам па бацькоўскай лініі, родам Карэтнікавых. Мой дзед, Уладзімер Карэтнікаў, быў карэнным "смаляком", як сабе сам называў, і нарадзіўся ў вёсцы Дзянісаўка рослаўскага раёну смаленскае вобласьці. Таму, гісторыя, культура, традыцыі й самавызначэньне беларускае Смаленшчыны, раней аднаго з чысьцейшых крывіцкіх рэгіёнаў, уласна для мяне й сёньня не губляе цікавасьці, а ў гістарычнай перспектыве й актуальнасьці.
 

Дарагія сябры аднадумцы й шаноўныя наведвальнікі нашага рэсурсу, гэтым артыкулам я буду рады адкрыць вам малавядомую старонку беларушчыны й пазнаёміць вас з гісторыяй і лёсам адной з прыгажэйшых частак нашае Бацькаўшчыны - Смаленшчынай. Бо каб быць паўнавартасным беларусам, кожны з нас мусіць ведаць і шанаваць багатую культуру й гісторыю нашага спрадвечна беларускага, смаленскага краю.
Гісторыя Смаленшчыны
Паводле А. Трусава
 
А што там на беларускім Усходзе, чым гэтае места было для Беларусі й чым яно ёсьць для нас цяпер? Ці закрытае смаленскае пытаньне? І ўвогуле - ці дастаткова ўвагі мы надаем Смаленску, аглядаючыся на сваю гісторыю? У беларускае Сярэднявечча там жылі Клімент Смаляціч і Аўраамі Смаленскі. Менавіта ў тэксьце гандлёвай дамовы смаленскіх купцоў з Рыгай ад 1229 году навукоўцы ўпершыню фіксуюць лексычныя асаблівасьці беларускай мовы. Менавіта там у канцы XIV стагодзьдзя жыў Лука Смаленец, аўтар вядомага беларускага літаратурнага помніку «Смаленскі псалтыр». Менавіта ў Смаленску была складзеная славутая «Пахвала Вітаўту» і так званы Беларуска-Літоўскі Летапіс 1446 году. Менавіта з-за гэтага места нашая дзяржава вяла бясконцыя войны з Масквой, менавіта за Смаленск і Смаленшчыну паклалі галовы тысячы й тысячы беларусаў, і менавіта смаленскае суперніцтва з Маскоўшчынай у значнай ступені перадвызначыла гістарычны лёс цэлай старой Беларусі.


 

Беларускі характар гэтай зямлі не выклікае сумненьняў. Гэта сёньня расейцы, у патрэбе часу, называюць тамтэйшыя гаворкі паўднёва-заходнімі рускімі. А вось калі пагрозы ў выглядзе беларускай дзяржавы не існавала, напрыклад у 1868 годзе, яны падавалі аб Смаленску іншую інфармацыю. Паводле дадзеных Смаленскага статыстычнага камітэту, тады 68% насельніцтва Смаленскай губэрні былі беларусамі. А ў цэнтральных і заходніх паветах губэрні гэтыя лічбы набліжаліся да 100%. У Красьненскім павеце беларусаў было 95%, у Рослаўскім - 94%, у Смаленскім - каля 91%, у Парэцкім - 90%, у Ельнінскім - 90%, у Духаўшчынскім - 87% і ў Дарагабускім - каля 81% насельніцтва. 30% небеларускага насельніцтва ў губэрні даваў сам Смаленск, зрусыфікаваны за 300 год палону. (гл. "Смаленская губэрня"
Статыстычныя дадзеныя. 1868 г.) Смаленскія крывічы трошку адрозьніваліся тым, што яны прыйшлі на памежныя землі. Але на тэрыторыі Смаленшчыны да XII стагодзьдзя існавала ўсходнебалцкае племя Голядзь, і смаленцы яго асымілявалі даволі позна, балты існавалі яшчэ ў XII стагодзьдзі, ня кажучы ўжо пра VIII-IХ-Х стагодзьдзі. Іншая справа, што на Смаленшчыне крывічы сутыкнуліся і зь фіна-вугорскімі плямёнамі, бо гэта была мяжа паміж балтамі й фіна-вуграмі. І гэты элемэнт фіна-вугоршчыны ў смаленцаў мае месца. Дарэчы, пскоўскія крывічы ўжо напалову зьвязаныя зь фіна-вуграмі, г. зн. нашмат больш, чым смаленцы. Таму дасьледаваньні нашых археолягаў па Полаччыне ў карціну засяленьня балцкіх абшараў крывічамі нічога новага не даюць.

 

Нашая Смаленшчына зноў падняла галаву ў канцы ХІХ - пачатку ХХ стагодзьдзя. Напрыклад, калі на Ўсебеларускім Кангрэсе ў сьнежні 1917 году, дэлегаты Віцебшчыны й Магілеўшчыны выступалі за аўтаномію Беларусі, дык смаленцы разам зь віленчукамі выступалі за поўную незалежнасьць. Потым Смаленск адыграў велізарную ролю праз пару год, калі ў Смаленску была абвешчаная БССР. І вось гэтыя моманты паказваюць, што пытаньне Смаленшчыны - тое самае, што й пытаньне Страсбуру, Эльзасу й Лятарынгіі, ў француска-нямецкіх дачыненьнях.


 

Смаленшчына для Беларусі - гэта своеасаблівая адмета, своеасаблівы сымбаль як беларускага адраджэньня, гэтак і заняпаду. Як толькі пытаньне Смаленшчыны ўзьнікае - заўжды Беларусь становіцца на ногі й адраджаецца. Гэтаксама й як толькі яно зьнікае з гістарычнае карты, дык і Беларусь у заняпадзе. Вось канкрэтныя прыклады. Пасьля бітвы пад Воршай Смаленск застаўся ў складзе расейскае дзяржавы. І гэта прывяло да таго, што троху пазьней прыйшоў у Беларусь Іван Жахлівы, захапіў і вынішчыў Полацак і зьнішчыў, фактычна, Полаччыну як этнакультурны рэгіён. І мог ён гэта зрабіць толькі маючы ў руках Смаленск. Аднак калі Расея сама трапіла ў цяжкае становішча - так званы Смутны час - і калі польскі кароль і вялікі князь літоўскі Жыгімонт у 1609 годзе штурмам узяў Смаленск, сытуацыя рэзка зьмянілася, і Вялікае Княства Літоўскае ў першае палове ХVII стагодзьдзя дасягнула апошняга ўзьлёту. Гэта быў апошні ўсплёск ягонага росквіту, росквіту матэрыяльнае культуры й дойлідзтва.


1860 году, беларусаў у Смаленскай губэрні налічвалася 1 122 000, а вялікаросаў (расейцаў) - 520 000, у адсотках - 68% і 32%. Атрымалася так, як ні дзіўна, што Смаленская губэрня была адной з самых беларускіх. Чаму? Таму, што колькасьць жыдоў была тут мінімальная. Мяжа аселасьці адрэзала гарадзкое жыдоўскае насельніцтва ад Смаленшчыны. І невыпадкова, што яна была такой беларуска-сьведамай. У гарадах Смаленшчыны, за выключэньнем тых, што трапілі ў склад Магілеўскае губэрні, жыдоў было значна меньш альбо зусім ня было. Ёсьць тут пэўныя паралелі з Беласточчынай. Бо Віленшчына й Вільня - гэта ўсё ж сэрца Вялікага Княства Літоўскага, сэрца й сталіца Беларусі. Смаленск ніколі, за выключэньнем аднаго дня - 1 студзеня 1919 году - не прэтэндаваў на сталіцу Беларусі ці БССР. Ён адзін толькі дзень быў сталіцай. Але ён для нас мае такое самае значэньне, як на захадзе Горадня.


Большая частка Смаленшчыны магла трапіць у склад Беларусі ў 30-х гадох, да гэтага ішло. Нават былі надрукаваныя ў «Зьвязьдзе» карты БССР, дзе некалькі паветаў Смаленшчыны павінны былі з дня на дзень увайсьці ў склад БССР. На Смаленшчыне існавалі беларускія школы, і пытаньне ўзьяднаньня заходняй часткі Смаленшчыны з БССР фактычна было вырашанае. Толькі рэпрэсіі 30-х гадоў спынілі гэты працэс. Таму, каб Смаленшчына тады трапіла ў склад БССР, дык сытуацыя зь беларускай мовай і культурай была б нашмат лепшая, чым цяпер. Таму што ў гэтых вёсках Смаленшчыны людзі і цяпер размаўляюць, фактычна, па-беларуску.
Далучэньне Смаленску да Беларусі дало б нам іншую мэнтальнасьць, дало б нам магчымасьць цяпер гаварыць з усходнім суседам на іншай мове - на мове роўнага з роўным. Бо аднясеньне мяжы Маскоўскае дзяржавы на 200-300 кілямэтраў на ўсход, гэта тое самае, як, напрыклад, Беласточчына ў складзе Беларусі. Знаходжаньне Смаленску ў складзе Беларусі дало б нам магчымасьць дасягнуць падчас апошняга адраджэньня значна большых вынікаў. Ня кажучы ўжо пра тое, што смаленскія землі цяпер - пустыя, незаселеныя, мы маглі б вырашыць пытаньне з чарнобыльскімі перасяленцамі. Невыпадкова чарнобыльцаў пасялілі ў Дрыбіне, гэта на самай мяжы Смаленшчыны. Можна было засяліць і Краснае, і Дарагабуж, і іншыя раёны, бо цяпер там жыве па 10-15 тысяч чалавек, фактычна гэта пустыя землі.

 

У 1990 годзе група дэпутатаў апазыцыі Дэмклюбу, у якую ўваходзілі Пётра Садоўскі, Дзьмітры Булахаў і Зянон Пазьняк, ездзілі у Вярхоўны Савет РСФСР у Маскву. Па розных пытаньнях. У тым ліку сустракаліся й з прадстаўнікамі Смаленшчыны, дэпутатамі ВС РСФСР ад Смаленска. Ну й краналі пытаньне пра магчымы рэфэрэндум - дзе быць Смаленшчыне, у Беларусі, БССР тагачаснай, ці ў Расеі? Як на гэта глядзіць мясцовая эліта? Бо тыя дэпутаты й былі прадстаўнікамі мясцовае эліты - прадстаўнікі райкомаў, абкомаў Смаленскае вобласьці й г.д. На дзіва, усе яны выказаліся «за». Яны сказалі, што каб толькі гэты рэфэрэндум адбыўся, каб нам не перашкаджалі, мы б усе перайшлі ў Беларусь. Таму што ў той час Беларусь жыла нашмат лепш, чым Смаленшчына, і яны заўсёды глядзелі на Беларусь, як, напрыклад, палякі глядзелі на Нямеччыну, ці ўсходнія немцы на заходніх. Што зьдзівіла, дык гэта тое, што гэтыя людзі (а большасьць зь іх былі прыехаўшы на Смаленшчыну пасьля вайны, бо ў вайну гэты край быў цалкам зьнішчаны) былі патрыётамі Смаленшчыны па духу. Многія зь іх выпісвалі газэту «Зьвязда», а усе яны слухалі Беларускае Радыё, нават, некаторыя «ЛіМ» чыталі... І гэта далёка не інтэлігенцыя, гэта партыйная намэнклятура. І яны выказалі сваё меркаваньне - каб такі рэфэрэндум адбыўся ў 1990 годзе, дык Смаленшчына безумоўна далучылася б да БССР.
А ўвогуле, цікавая гэта рэч - узбуйненьні тэрыторыі БССР. Аказваецца, яшчэ ў 30-х гадох газэта «Зьвязда» друкавала мапы Савецкае Беларусі са Смаленшчынай уключна. Гэта гаворыць аб тым, што айцы БССР троху думалі пра сваю вотчыну... Напрыклад ў 1945 годзе, адразу пасьля вайны, Вярхоўны Савет БССР вынес пастанову пра ўключэньне Ўсходняй Прусіі разам з горадам Кёнігсбэргам-Калінінградам у склад БССР, матывуючы гэта патрэбай Беларусі выйсьці да мора. Мы ж тады мелі й Беласточчыну. Але Масква мела іншыя пляны. Пастанову ў Крамлі скасавалі, а хутка й Беласточчыну падаравалі палякам. З тэрыторыяй нам у тым стагодзьдзі моцна не шанцавала.

Дарэчы, апошні кавалачак Смаленшчыны далучыўся да Беларусі ў 1964 годзе - гэта былі 8 вёсак калгасу «Путь Коммунизма», які ўвайшоў у склад Беларусі падчас хрушчоўскае адлігі.
 

Так сталася, што лёс беларускай дзяржаўнасьці й барацьбы беларусаў за нацыянальнае самавызначэньне - дастаткова трагічны. У пач. XVI-XVII ст. беларускі народ, асабліва рэшткі былой эліты-шляхты, падвергліся апалячваньню. У пазьнейшы час, у царскае Расеі, само існаваньне беларусаў ставілася пад сумнеў - размова калі й ішла, то аб выключна "русском" насельніцтве заходніх губерній.

 

Пад час грамадзянскае вайны ў пач. ХХст. беларуская дзяржаўнасьць пачала адраджацца ў двух узаемавыключаючых формах - нацыянальна-дэмакратычнай і савецкай.
Пасьля першай сусьветнай вайны й ганебных замірэньняў падзел стаў яшчэ й геаграфічным - Заходняя Беларусь засталася за Польшчай. Так бальшавікі расплаціліся за авантурны паход на Варшаву.
Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР) была прагалошана 1 студзеня 1919 года ў адным з буйнейшых беларускіх гарадоў Смаленску. 5 студзеня новы ўрад пераехаў у Менск, 31 студзеня усерасейскі цэнтральны выканаўчы камітэт (ВЦИК) прызнаў незалежнасьць новае рэспублікі. Але ў жніўні ўся тэрыторыя БССР была захоплена Польшчай і толькі праз год часткова занята савецкімі войскамі. 31 ліпеня 1920 года сход камуністычных і прафсаюзных арганізацый паўторна прагалосілі незалежнасьць. Але ж 70% этнічных тэрыторый Беларусі-апынулася па за яе межамі. У 1924 годзе да БССР былі далучаны Віцебская, частка Гомельскай і два паветы Смаленскае губерніі.


 

Але палітыка РСФСР па ўтрыманьню этнічных беларускіх земляў у сваім складзе была трывалай і фактычна акупацыйнай, таму й ня мела падтрымкі беларусаў. Згодна меркаваньняў тагачасных беларускіх камуністаў: "такая недальнабачная палітыка узмацняе й актывізуе ўсё правае антысавецкае крыло беларускіх арганізацыяў у Польшчы, Латвіі, Чэхаславаччыне й Летуве. Далей за эміграцыяй і ў БССР пачынаюць мелькаць антысавецкія настроі частцы беларускай нацыянал-дэмакратычнай інтэлегенцыі".

 

Нават камуністычнае кіраўніцтва БССР, якое па паходжаньню ў сваёй большасьці было не беларускім - лічыла, што: "беларускі "нацыяналізм" сілкуецца непасьлядоўнасьцю ў нацыянальнай палітыцы ў СССР, яе адставаньнем ад прынятых рашэньняў і няскончаным адмежаваньнем тэрыторыі БССР. Усю Гомельшчыну, частку Пскоўскай і Смаленскай губерній і рускія, і беларускія гісторыкі адносяць да Беларусі, а далучэньне частак Смаленшчны і Гомельшчны да БССР (1924) мела надзвычай станоўчае палітычнае значэньне для беларусаў і іх эміграцыі, узмацніла сярод заходніх беларусаў аўтарытэт БССР. Але рэзка адмоўныя настроі выклікакла жаданьне Савецкай Расеі пакінуць у сваіх межах беларускую Смаленшчыну".
Але палітыка русіфікацыі імкліва разгортвалася на ўтрымліваемых абшарах. Вось што напрыклад пісала адна з савецкіх газэтаў пра савецкую нацыянальную палітыку на Смаленшчыне ў 1926 г: "Ад уласнага смаленскага карэспандэнта. Усе, хто ведае гісторыю, хто знаёмы з нацыянальным складам Савецкага Саюзу, ведае, што ў Смаленскай губерніі жыве дастаткова вялікая колькасьць беларускага насельніцтва. Я не буду казаць аб тых лічбах, якія даў перапіс 21- 23 гадоў (па гэтым лічбам у гор. Смаленске налічваецца каля 6000 белорусаў, а па губерніі-каля 81 тысячы).


Я вазьму тое, што піша акадэмік Карскі, той Карскі, якога абвінаваціць у беларускім шавінізме ніяк нельга.  У сваёй кнізе «Белорусы», Варшава, 1903 г., ст. 187, ён піша: «...Количество белорусского населения Смоленской губернии довольно точно определяется в обзоре Смоленской губернии за 1901 год, Смоленск, 1902 г. (всеподданнейший доклад губернатора). Здесь в белорусских уездах, за исключением городского населения, показано 920042 чел. Если прибавить сюда за 2 года прирост населения (1,5%)-27784, то получим белорусов в Смоленской губернии 947826 человек. Это число довольно близко к действительности, так как и в городе есть белорусы, но, с другой стороны, и великорусы имеются по селам в белорусском районе, особенно около железных дорог. Эта цифра недалека будет от той, которою определялось число белорусов в Смоленской губернии в 1860 году (1 122000). Ср. [Живописная Россия-111, 442 статья С. Максимова».


Вядома, што лічбы зьменшыліся, бо частка беларускага насельніцтва русіфікавалася, частка губерні ў сувязі з раянаваньнем далучана да Беларусі, але яшчэ беларускае насельніцтва Смаленска варта лічыць сотнямі тысяч.


Смаленскі жа гарсавет надумаў, што беларусаў у Смаленску няма, аб іх ня варта казаць і на сваім паседжаньні ў кастрычніку пастанавіў, каб сродкі, якія былі прадугледжаны па бюджэту Смаленскага губернскага аддзелу народнай адукацыі на культурна-асьветніцкую працу сярод беларускага насельніцтва гораду на 27/28 навучальны год, перадаць ны жыльлёвае будаўніцтва.


Зразумела, што жыльлёбудаўніцтва рэч добрая, сродкі туды патрэбны, але неабходна падумаць і аб тым, што ў Смаленску няма ніякіх культурных беларускіх установаў, што не будзе магчымасьці зарганізаваць ні кружкоў, ні якой-небудзь сталай культурна-асьветніцкай працы. Трэба ўзяць пад увагу й тое, што праца сярод беларускага насельніцтва Смаленшчыны пачалася нядаўна, гады 2-3 таму, што яна не зусім яшчэ моцная, што яе трэба падтрымліваць. Гэтае жа пастанаўленьне гарсавету зьнішчае працу, не дае магчымасьці разгарнуць яе. Неабходна Смаленскаму гарсавету паклапаціцца не толькі аб будаўніцтве жытла, але і аб культурным абслугоўваньні беларускага насельніцтва Смаленшчыны".
Нярэдкімі былі скаргі на несваечасовы выплат заробкаў беларускім настаўнікам, на адсутнасьць магчымасьцяў набыць кнігі ды падручнікі для беларускіх школак і бібліятэкаў, падпісацца на свае газэты. Варта адзначыць, што ў той жа самы час, іншыя мясцовыя этнічныя групы мелі задавальняючую падтрымку для ажыцьцяўленьня навучальнай і культурна-асьветніцкай працы ў сваім народзе. Смаленскае камуністычнае небеларускае кіраўніцтва баялася далучэньня да БССР і ўвесь час пісала ў Маскву пра традыцыйную, культурную, прамысловую і іншую повязь рэгіёну з "вялікарасеяй" РСФСР і пра немэтазгоднасьць аб'яднаньня зь Беларусьсю. Адначасова хуткімі тэмпамі праводзілася русіфікацыя.


Але й сёньня, кожны, хто падарожнічае па смаленшчыне - можа пабачыць заўважную прысутнасьць народнай беларускай культуры ў гэтым рэгіёне. Беларуская мова й звычаі дагэтуль перахоўваюцца вясковым жыхарствам старэйшага веку. Вось, напрыклад, узоры дыялектнай мовы тых мясцін Смаленшчыны, дзе ў мясцовых гаворках даволі адчувальны беларускі кампанент. Прыводзяцца ўзоры запісаў зробленыя студэнтамі Смаленскага педагагічнага інстытута ў час дыялекталагічных экспедыцыяў у 70-я гады XX ст.


 

Дарагабужскі раён: Дайтя хать разок глытануть, усё у роти пирясохла. Што ни дяреуня, то и паверья: у кожный гоман свой. Деуки, гаманитя тиха, пускай малиц заснеть.

 

Дзямідаўскі раён: День дажыдала, пакуль аццапливыли вагоны. И матка, и батька путяный, а ён блукуняицца тока. Нада матку паслухать. У жупаны и шубы прншывались гаплюки, такии жалезный крючки. Мы ужу спим, а яны усё гамынять.

 

Духаўшчынскі раён: Гусей манють с возира: гали-гали, гали-гали. Ну и гарна ж ён гаварить, заслухацца можна. Гланула кваску халодныга. Яблыня вырысла гылинастыя тыкая бяс сонца. Яны и дома ни были гардываты, и у людях будуть паслухмяный. Ён у возири растеть. Ета у кузни гарно. Вот типлятки кыла курицы гарнулись. Жыветь как гаспадыня и нужды ни знаить. Лён гылавистый урадиуся.

 

Краснінскі раён: Пынайшли у хату цыгани, гаргочуть, а я ничога ни панимаю. Тихан, як ашалеу, дык, бувала, выйдить с хаты й гайкыить на крыльце. Лигла, думала засну. Иде ж тут заснеш!
Манастыршчынскі раён: Сашка гандлюить уваусю: раздау свае игрушки рибятым, а тэя яму жилизяк усяких нывалакли.

 

Рослаўльскі раён: Во у Маньки такей малиц ёсь, тожа дужа галузливий.
Сафонаўскі раён: Ты ня слухай бабьй гамонки, у книгу гляди. Ты к Машки схади: во хто гамануха, нагаворить табе, што хош.

 

Смаленскі раён: У мяне скора у гароди свае гурки будуть. Сянни буду пастивить кароу на гарохвиннику. Была матка жыва, усих гарнула к сабе, а тяперь паразъехались хто куда. Ина гамануха, а ты маучуння. Ина ж девычка спакойныя, ни гарезница. Дакеда вы учора прапалоли? Яны падравнивалы сена, ти што там касили. Дочка мне гаворить: чаго ты гайдырам ходиш?

 

Ярцаўскі раён: Табе усё мала, ты усё гняпиш. Ни гайкый, усе рауно нй пушшу на вулицу. Ужу дваццыть гадоу, а вам усё б галивать. Ён кричау гвалту, ды нихто ня услышау. Воука, хватить табе гирить, дай мячик, иди дамоу. Чаго йта гуси гаргатали ноччий? Ти ня тхорь лазить?

 

Ельнінскі раён: Ганки раншы звали, типерь крыльцо.

 

Пачынкаўскі раён: У том доми бабы гаманливыи жывуть, идитя к йим. Гарелку купляють яшшыкыми и самй гонють. Етыт гурок гаркавый, ня еш яго.


 

Можам канстатаваць невялікае адрозьненьне ад дыялектаў суседняй віцебскай вобласьці.
Тое самае можна пабачыць і ў традыцыйным адзеньні. Як і па ўсёй Беларусі - істотную ролю ў жаночым строі смаленшчыны граў палатняны галаўны ўбор - намётка. Вось як напрыклад відавочца пры апісаньні Вазьнясенскага кірмашу ў Смаленску ў канцы 19ст. адзначае адзеньне сялянак з навакольля: "...белые балахоны, пестрые кофты и напоминающие турецкую чалму головные уборы. Повязка женская из тонкого холста аршина в четыре, "наметка" (Бельский уезд и "намётка" (Ельнинский уезд). Намётка придаёт женскому костюму этого региона национальный колорит. В данном комплексе женского костюма доминирует белый цвет. Основное цветовое пятно - андарак, поддержанный небольшими цветными полосами ткачества и вышивки на рубахах, насовках, наметках."


Сьведка адзначае істотную розьніцу традыцыйнага мясцовага касьцюму ад вялікарасейскага.
Але, што зараз? Ці незваротна зьнікне беларуская цыввілізацыя ў смаленскай старонцы, ці звыкліся, зьмірыліся смалякі са сваім жыцьцём па-за Бацькаўшчынай? Ці назаўсёды забыліся пра сваё паходжаньне й карані? Нажаль, палітыка дэнацыялізацыі, русіфікацыі - зрабіла сваю справу, але далёка яшчэ не канчаткова.

 

Ёсьць сьведчаньні аб паваеннай беларускай анты-бальшавіцкай партызанцы на Смаленшчыне. Выходзіла нават беларуская пранезалежніцкая газэта "Пад абцасам маскалёў", якую падпольшчыкі распаўсюджвалі па вёсках і хутарох, на скрыжаваньнях гасьцінцаў краю.
Нават у сучаснай Расейскай Федэрацыі засталіся прабеларускія настроі ў частцы мясцовай смаленскай эліты.

 

У кастрычніку 1998 года на прэс-канферэнцыі ў МЗЭС РБ губернатар смаленскай вобласьці Прохараў паведаміў: "Смоленщина была седьмой областью при создании Белоруссии, к сожалению, нас тогда отделили". Спадар Прохараў нават плянаваў адзначыць у сваёй губерніі 80-ю гадавіну заснаваньня БССР.

 

І сёньня наш беларускі ўсход, ільняная Смаленшчына - застаецца этнічнай зямлёй крывічоў-беларусаў, нашай духоўнай і культурнай спадчанай, якая патрабуе захаваньня й вывучэньня.
І не так важна, што гэтая тэрыторыя знаходзіцца ў складзе іншай дзяржавы. Гістарычна так склалася, што яна месьціцца на памежжы й ў розныя часы пераходзіла з пад аднаго ўладараньня да другога. Галоўнае, што мы самі ведаем і памятаем пра нашае радство й еднасьць. І калі мы, беларусы, будзем мець нацыянальную дзяржаву, лепшы ўзровень жыцьця й нацыянальныя памкненьні, то гісторыя нам шчэ паспрыяе, бо як вядома разьвіваецца па сьпіралі.

 

Асоба

97 ГОД СА ДНЯ НАРАДЖЭНЬНЯ ЗЬМІТРАКА АСТАПЕНКІ-

ПАЭТА БЕЛАРУСКАЙ СМАЛЕНШЧЫНЫ

Беларуская Смаленшчына багатая на выбітных кампазытараў, мастакоў, літаратараў, якія нарадзіліся на бедных, але ўрадлівых на постаці абшарах. Прыкра, але большасьць сыноў і дачок Паўднёва-Заходняй Смаленшчыны не прызнавалі сябе беларусамі, не аддавалі сваіх сілаў Маці-Беларусі, не сілкавалі сваімі талентамі яе нутро. Ураджэнцы гэтай зямлі ўзбагачалі сваімі ведамі і здольнасьцямі пераважна каляніяльную культуру, якая дамінавала на той час далёка на захад ад Хіславіч і Краснага, высмоктваючы ўсё самае лепшае са сваіх “ускраін”.

 

Але былі й тыя смалякі, якія адчулі нутраны заклік, знайшлі ў сабе сілы голасна абвясьць на ўсе бакі пра сваю беларускасьць.

Пад нябеснай сіньню глыбокаю

У жытнёвых шнурох ля ракі

Засінелісь мяжой сінявокія

У блакітных палёх васількі.

Расьсьцілалася вокал жытнёвая

Залацістая сьпелая гладзь,

Перапёлка ў ночку ліпнёвую

Адбівала ў жытох: “падзі спаць”...

І плыла навакол задуменная,

Сьветлазорная ціхая ноч.

Межань песьні насіў сьветлазвонныя

Над лугамі ў сівых туманох.

Колькі казак і песень тых марылась,

Нават нельга і ўспомніць усіх!..

Раньнем сонейка росы крышталіла,

Углядадася ў нівы, аўсы.

Нікла цемра пад сонцам праменьнямі,

Расплываўся туман ля ракі.

І сьмяяліся зноў па-вясеньняму

У жытнёвых палёх васількі.

 

Так замілавана пісаў ў 1927 годзе пра родную Смаленшчыну чалавек, жыцьцё якога абавязкова стане калісь сюжэтам рамана, зьмест якога мусіць быць колькі прыгодніцкім, столькі і трагічным.

 

Зьміцер Астапенка – гэта, бадай, адна з самых загадкавых постацяў беларускай літаратуры. Ён нарадзіўся 23 лістапада 1910 г. у сям'і настаўнікаў у Калесніках – маленькай вёсачцы, што знаходзіцца ў Хіславіцкім раёне Смаленскай вобласці. Ураджэнец Беларускай Смаленшчыны, ён яшчэ ў дзяцінстве пераехаў на радзіму свайго бацькі Емельяна. Роўна праз 15 год пасьля пераезду Зьмітрака ў Сяргееўку Шумяцкага раёна, там пабачыў сьвет яшчэ адзін пісьменьнік і вядомы смаленскі краязнаўца – Міхаіл Лубягаў, аўтар кнігі “Пад Ельняй ў сорак першым”, што робіць маленькую смаленскую вёсачку дастаткова знакавым мейсцам на мапе Смаленскага краю.

 

У 1929 годзе Астапенка скончыў Мсьціслаўскі пэдагагічны тэхнікум, вучоба ў якім сталася для яго пачаткам творчай кар’еры, бо менавіта тут зьявілася літаратурная група «мсьціслаўцаў» — Астапенкі, Таўбіна, Куляшова. Зьмітрок, у час вучобы ў пэдтэхнікуме, жывучы з Аркадзем Куляшовым і Юліем Таўбіным «камунай», выдаў свае першыя вершы (1926 г.), камэтай уварваўшыся ў беларускую літаратуру. Пасьля Мсьціслава быў Менск, вучоба на літаратурным факультэце Менскага пэдагагічнага інстытута, праца ў рэдакцыях рэспубліканскіх газэтаў і часопісаў. У 1931-32 гг. выходзяць кнігі вершаў Зьмітрака «На ўсход сонца: Першая кніжка вершаў», «Краіне», «Абураныя», якімі ён робіць сабе імя маладога, падаючага надзеі паэта. А далей быў першы ў беларускай літаратуры фантастычны раман “Вызваленьне сілаў”, першы арышт, праца ў Нікалаеве і Маскве, другі арышт, Сібляг, сьмерць харобрых у гарах Славаччыны і ўваскрашэньне ў Маскве ў 1949-м.

 

Ці загінуў тады паэт, ці памёр пазьней, мы наўрад ці калісь даведаемся. Хоць тое і не вельмі прынцыпова, бо Астапенка пасьпеў такі зрабіць галоўнае ў сваім жыцьці – паслужыць сваімі нізкамі палымяных словаў на карысьць зямлі сваіх продкаў – яго Смаленшчыне.

Ян СКРЫГАН

РЭКВІЕМ

Змітрок Астапенка кватараваў у Завакзаллі непадалёк ад мяне. Аднаго разу, калі я зайшоў да яго, ён папытаўся:

— Што табе гаворыць такая назва: «Запалім люлькі»? Некалкі хвілін я падумаў. Я заўсёды любіў чужыя добрыя назвы, гэтая бясспрэчна падабалася мне. У ёй быў малюнак. Мне ўяўляўся адзінокі пакой, вечар, і за маўклівым сталом, не запальваючы святла, сядзяць даўнія сябры. Можа, пасля вялікіх дарог і доўгіх разлук яны сабраліся, каб усё дарагое кожнаму ўспомніць. Мужчынскія ўспаміны, якія праз усе выпрабаванні лёсу праносяць суровую вернасць. I ў тых успамінах абавязкова будзе вобраз жанчыны... Я так і сказаў: вельмі добрая назва.

— На вершы ці на прозу?

— На вершы. А можа, нават і на прозу. На такі суровы марскі раман.

Астапенка хадзіў па пакоі, мне здавалася, нават не вельмі мяне слухаючы. Высокі, сухатвары, узрушаны нейкаю неспакойнаю думкаю.

—Трохі ўгадаў,—сказаўён. — Пакуль што гэта нізка вершаў, але так я збіраюся назваць усю кнігу. Новую, вядома. Толькі яшчэ не ведаю, куды яна мяне завядзе... Мора, пра якое ты гаворыш, таксама мяне спакушае, якраз мне і трэба мужныя, суровыя людзі.

Невядома, па якой сувязі Астапенка раптам успомніў, як быў на граніцы з Польшчаю. Сваю «Ноч на станцыі Негарэлае».

Ах, не ў гэтым жа справа, што ёсць Беларусь

На усходзе й на захадзе!..

Справа не ў гэтым!

Гэта станцыя ставіць глухую мяжу

Для ўсяго невыказна вялікага свету!

I калі уяўляю, што там, за мяжой,

Вісне чорная ночка у колеры сажы,

Мне шкада не адной Беларусі маёй,

А падзелены свет неабсяжны.

 

- Ты разумееш, аж страшна, — сказаў ён сваім ціхім голасам. — Паласаты слуп, ступіў за яго, і — канец! Адзін толькі крок дзеліць свет папалам...

Нейкі пэўны час, памятаю, я заўважыў, што Астапенка мала дзе бываў, стаў задуменны, заклапочана-ўзрушаны. Мог сустрэцца твар у твар на вуліцы, але не пазнаць і прайсці міма. Мог радасна паціснуць руку, пачаць вельмі жывую размову і тут жа забыцца на яе, недагаварыць і пабегчы. У мяне ён раптам папытаўся, ці не хачу я пабыць у Германіі. Чаго? Навошта? Якім чынам?

— Ах, гэта я так сабе. Давай пойдзем да мяне, ды я табе пачытаю новыя вершы.

Але вершаў ён не чытаў, а, як толькі зачыніў дзверы, здзівіў новым пытаннем: ці хачу я пабачыць усё, што робіцца ў яго ў доме?

— Не разумею, — паціснуў я плячыма.

— Ну вось так: зараз рассунуцца сцены, і ты ўбачыш усіх жыхароў гэтага дома, можа, каторага нават за не вельмі прыстойным заняткам. Хочаш?

— Нейкая ў цябе сёння буйная фантазія.

— Чаму буйная? Нармальная! Проста ты не ведаеш, што я зрабіў вялікае адкрыццё. Я разгадаў таямніцу жыцця матэрыі, і ў маіх руках цяпер вельмі страшная сіла. Я магу ў любым парадку сінтэзаваць атамы, а значыць, маёй волі няма канца. Магу ўсюды быць, усё знаць, усё бачыць, лёгка разбураць усё тое, што чалавеку на шкоду, і гэтак жа лёгка аднаўляць. Калі яно трэба.

Я паглядзеў на Астапенку з няяснаю трывогаю. Падобных жартаў ад яго я ніколі не чуў, і калі гэта жарт, то дзеля чаго ён? Астапенка хадзіў па пакоі мяккаю, украдліваю хадою, раптам як бы заспяшаўшыся. Твар сухі, рэзка акрэсленыя губы, прамы нос, нешта татарскае ў сківіцах. У чорных, тонка прычэсаных валасах акуратны, цвёрды прабор з правага боку. ,

— Ну што, паверыў? — суняўся ён перада мною. Вочы цёмна-карыя, вузкія, бадай што да самых зрэнкаў прыкрыты млявымі павекамі. I таму, што яны так прыкрыты, у іх вечна тоіцца нешта як бы не зусім табе даверанае. Папытаўся і дазволіў паявіцца на губах хітраватай, таксама скупой, усмешцы. — Ты як хочаш, а я павінен верыць, бо іначай у мяне нічога не выйдзе. Пішу раман,— паясніў ён. — Першая частка ўжо гатова. Хачу даць назву «Вызваленне сіл», а можа, яшчэ перадумаю... Тайну атама адкрыў не я, а мой герой, і сваім сакрэтам ён хоча знішчыць стары свет. I ўжо колькі часу, як я сам сябе баюся, усё здаецца, што не ён, а я валодаю гэтаю страшнаю тайнаю.

Ён сеў у крэсла і бегла расказаў некалькі эпізодаў. Усе падзеі развіваюцца ў Германіі, дзе на той час пачынаў асталёўвацца фашызм. Мяне, памятаю, дзівілі не сюжэтныя ходы, самыя неймаверныя па страхаце і смеласці, а тое, што герой найдасканалейшым чынам ведаў Берлін. Вуліцы, плошчы, помнікі, службовыя цэнтры, глухія куткі. Ведаў, як прайсці да іх найкарацейшым спосабам. Ведаў, якім ліфтам і на які наверх падняцца, каб з некім пабачыцца ці заблытаць сляды.

- Чакай, — перапыніў я яго, — горад ты таксама выдумляеш? Бо калі чытацьме немец, то адразу зловіць цябе на падмане.

Зноў па Астапенкавых губах прабегла лёгкая хітраватая ўсмешка.

— Калі б мяне скінулі з неба ўночы ў любым пункце і сказалі, што трзба пайсці ў нейкі другі любы пункт, я зрабіў бы гэта лёгка, ні ў кога не пытаючыся, — сказаў ён. — Берлін я ведаю, як самы прававерны берлінец, ніколі там не бываўшы.

...Трыццаць другі год быў вельмі цяжкі. Бывала, па дарозе дадому, пачынаючы ад Віленскага рынку і да самага вакзала, усю восень я бачыў, як уздоўж тратуараў, уціскаючыся ў цень ад дамоў ці агароджаў, масціліся маўклівыя, зняможаныя людзі, найбольш жанкі, або цэлымі сем'ямі, з дзецьмі, параскладаўшы на доле ўвесь свой скарб: коўдры, ручнікі, падушкі, вышываныя строі, каптуры, сувоі палатна — выбірай што хочаш, толькі дай кавалак хлеба, ці круп, ці збажыны. То быў засушлівы год, асабліва на Украіне. Нялёгка было і ў нас.

Зайшоў неяк тае восені да мяне Астапенка. Мы заседзеліся доўга. Пара было ісці ў горад, каб дзе павячэраць. Але Астапенка сказаў, што атрымаў з дому пасылку, і запрасіў да сябе.

— Я пайду папрашу гаспадыні, каб яна чаго згатавала — бульбы падсмажыла ці яечню спякла. Ну, а да чаю ёсць сала, масла. Так што ты праз паўгадзінкі прыходзь. Роўна праз паўгадзіны, — паўтарыў ён і пайшоў сваею дробнаю мяккаю хадою.

Праэ паўгадзіны я быў у Астапенкі, але дзверы ў яго пакой не адчыніліся. У цёмны калідор выглянула гаспадыня і сказала, што Змітрака дома няма.

— Быў, забягаў толыкі што, — паясніла яна.—Палажыў свае кніжкі і паперы і некуды скоранька пабег.

Я пастаяў хвілін колькі каля брамкі і ціха пабрыў у горад. Перайшоў вузкі доўгі масток над чыгуначнымі пуцямі, Прывакзальную плошчу, колішні Віленскі рынак, перароблены ў сквер, з яшчэ маладымі кволымі дрэўцамі. Жоўты свежы пясок на дарожцы перасыпаўся пад нагамі. 3 вуліцы Карла Маркса павярнуў на Урыцкага і застыў, здзіўлены. На рагу стаяў Астапенка і, выцягнуўшы шыю, паверх людскіх галоў некуды далёка ўзіраўся.

— Змітрок! — гукнуў я.

Ён пудка зірнуў на мяне, шырока здзівіў вочы і схапіўся за галаву.

— Божачка мой, — сказаў ён, — памарока нейкая найшла на мяне. Гэта ж ты быў у мяне?

— У цябе.

— Ну от жа — як пярун спаліў памяць. Разумееш, мне трэба тут аднаго чалавека сустрэць, —ён вінавата ўсміхнуўся, —успомніў, прыйшоўшы ад цябе. Ну і пабег, і, мабыць, спазніўся...

Ен зноў выцягнуў шыю і заклапочана азірнуў вуліцу. I нават не заўважыў, калі я яго пакінуў.

Потым я бачыўся з Астапенкам пры акалічнасцях іншых. Мы былі ў Сібіры. Аднаго разу ён зайшоў да мяне ў барак, падсеў на нарах, худы, знябыты, у вачах тузаўся адчай. У змроку слабенькіх рэдкіх лямпак сама што раздавалі вячэру. Вядома, неважнецкую, але ў Астапенкі і гзтага не было: ён на работу не хадзіў. Поліўку я з'еў сам, а рыбкаю і драбком цукру падзяліўся.

- Што ты сабе думаеш, Змітрок? — сказаў я яму. — Гэтак жа можна і зусім згібець.

Астапенка паглядзеў на мяне сваімі цёмна-карымі вачмі і ціха, каб не чулі суседзі, сказаў:

—Я ўжо другі раз ем выгнанніцкі хлеб, дакуль жа можна? Я мушу нешта зрабіць. Заняцца нечым больш карысным і важным... Доўга я тут не буду ўсё роўна. Хочаш разам?..

Мне здалося, што я правільна зразумеў яго, і, каб перасцерагчы далейшыя ўдакладненні, сказаў, што гэта жарты дурныя. Найпершае, што мне трэба, дык гэта тое, каб давесці, што я не вінаваты, а дзеля гэтага я павінен быць жывы.

— Не, дык я не пра ўцёкі, — раптам весела ён разрагатаўся.

Па нядоўгім часе нашу цяслярскую брыгаду пасадзілі ў дзве машыны, прыкрылі ад марозу брызентам і павезлі на другія будоўлі. 3 Астапенкам я нават не пабачыўся.

Пачуў я пра яго ўжо толькі ў Мінску. I зразумеў, якой карыснай і важнай работы ён шукаў сабе. Ён зрабіў так, як некалі і намысліў на тых далёкіх сібірскіх нарах. Мяне здзівіла не толькі смеласць учынку, а і веліч яго. Як, якім чынам ён умудрыўся тайна папасці на той бок фронту, у варожы тыл? Загінуў ён, выконваючы партызанскае спецзаданне. Мне ўспомніўся і той вечар, калі чытаў ен «Ноч на станцыі Негарэлае», і той боль, што свет падзелены папалам.

На сцяне ў Саюзе пісьменнікаў вісіць белая мармуровая дошка з прозвішчамі, напісанымі залатымі літарамі, усіх тых, хто ў Айчынную вайну аддаў сваё жыццё за бацькаўшчыну. Сярод іх і імя Змітрака Астапенкі. Як шкода, што невядома яго магіла, каб можна было схадзіць да яе і зрабіць тое, чаго не ўдалося пры жыцці, — развітацца з ім.

1970 г.

 

Ф.Б. Беррашэд

Ці лічылі сябе жыхары Беларускай Смаленшчыны беларусамі ў 1920-я гады?

У літаратуры як ХІХ, так і ХХ стагодзьдзяў, уключаючы нашыя часы, Беларускай Смаленшчынай прынята называць паўднёва-заходнюю частку гістарычна склаўшагася Смаленскага краю, які на дадзены момант амаль поўнасьцю ўваходзіць у аднаіменную тэрытарыяльна-адміністратыўную адзінку Расеі. Хоць на працягу двох стагодзьдзяў і вядуцца спрэчкі наконт этнічнай прыналежнасьці насельніцтва гэтай часткі Смаленшчыны, тым ня меньш, трэба адзначыць аб’ектыўную наяўнасьць беларускіх этнічных прызнакаў (беларуская мова ў яе дыялектных формах і культура) у гэтым “прамежкавым”памежным рэгіёне.

 

У беларуска-вялікарускай этнакантактавай зоне Смаленшчыны адбываліся складаныя этнічныя працэсы, якія прамым чынам зьвязаныя з этнічнай самаідэнтыфікацыяй мясцовага беларускага насельніцтва.

 

Этнічная ідэнтыфікацыя ўяўляе сабой атаясамленьне індывіда з якой-небудзь этнічнай супольнасьцю ці этнасам. Этнічная ідэнтыфікацыя – гэта, у першую чаргу, вынік кагнітыўна-эмацыйнага працэса усьведамленьня сябе прадстаўніком этнасу, пэўная ступень атаясамленьня сябе зь ім і адасабленьня ад іншых этнасаў [1, c 210]. Трэба заўважыць, што этнічная самаідэнтыфікацыя зьяўляецца больш вузкім паняткам, ніж этнічная самасьвядомасьць, якая ўключае ў сябе розныя ідэнтыфікацыйныя ўзроўні: усьведамленьне асаблівасьцяў этнакультурнага асяродку; уласна этнічную самаідэнтыфікацыю; уьсведамленьне тоеснасьці з этнакультурнай рэальнасьцю, а таксама сацыяльна-нарматыўную ацэнку этнічнай рэальнасьці [2, с.70]. Такім чынам, калі этнічная ідэнтыфікацыя – гэта аднясеньне чалавекам сябе да таго ці іншага этнасу, то этнічная самасьвядомасьць – гэта таксама й ўяўленьні чалавека аб сваім народзе, яго характэрных рысах (аўтастэрэятыпы), мове, культуры, тэрыторыі пражываньня, гістарычным былым, што выражаецца ў вобразе “мы”. Усе гэтыя ўяўленьні эмацыйна афарбаваны і здольныя стымуляваць учынкі людзей.

 

Разглядаючы нацыянальную самаідэнтыфікацыю беларусаў вобласьці, трэба, у першую чаргу, зьвярнуць увагу на палітыку цэнтральных і мясцовых уладаў у адносінах да нацыянальных меншасьцяў. У 1920-я гг. праблема беларускага насельніцтва Смаленскай губерні выражалася ў палітыцы так званай “каранізацыі” – палітыкі ўрада РСФСР па пераводзе на родную мову дзяржаўных і іншых устаноў паветаў, дзе жылі беларусы . У 1919 годзе ў Смаленску было прынята рашэнне аб стварэньні пададзьдзела нацыянальных меншасьцяў, сярод якіх была створана Беларуская сэкцыя. 2 ліпеня 1923 г. у Смаленску адбылася нарада “па пытаньні беларусаў у Смаленскай губэрні”, на якой разглядаліся пытаньні аб колькасьці беларускага насельніцтва ў паветах губэрні й аб неабходнасьці правядзеньня зь імі нацыянальнай культурнай працы [3, c. 42]. Палітыка беларусізацыі мясцовага насельніцтва ў форме стварэньня сеткі беларускіх школ, нацыянальнай і асьветнай працы зь мясцовым насельніцтвам фактычна цягнулася да канца 1930-х гг. і скончылася разгромам нацыянальных арганізацый і ўстаноў вобласьці.

 

У 1920-я гг. для беларускага насельніцтва паўднёва-заходняй Смаленшчыны быў характэрны высокі ўзровень ідэнтыфікацыі з чужой этнічнай групай, якой зьяўлялася вялікарускае насельніцтва рэгіёна. На вывучаемай тэрыторыі дамінавала, хоць і не была абсалютнай, так званая монаэтнічная ідэнтычнасьць з чужой этнічнай групай ці зьмененая этнічная ідэнтычнасьць. Гэта было галоўным чынам зьвязана з больш высокім эканамічным, сацыяльным і культурным статусам вялікарускага насельніцтва вобласьці. Непасрэдным вынікам ідэнтыфікацыі з чужой (вялікарускай) групай сталі этнагэнэтычныя працэсы культурнай і моўнай асіміляцыі мясцовых беларусаў. У сувязі з гэтым, трэба адзначыць значную колькасьць вялікарускага насельніцтва ў рэгіёне, суседства вялікарускіх этнічных масіваў і, што вынікае, працэсы метысацыі насельніцтва ў зьмяшаных шлюбах. Моўная асіміляцыя выяўлялася ў непрыстыжнасьці беларускай мовы і паступовай страце мовы мясцовага насельніцтва беларускіх кампанэнтаў і “калябаньні” моўных рысаў па шляху стабілізацыі рускіх зьяў у вобласьці гукаў, формаў, сінтэксісу і слоўнікавага складу гаворак [4, c.21]. Так, П.І. Растаргуеў сьведчыць, што яшчэ ў дарэвалюцыйны час смаленскімі сялянамі выказваліся патрабаваньні да настаўнікаў, каб яны зьвярталі ўвагу і сачылі за мовай вучняў, прывіваючы ім “маскоўскае” вымаўленне. У 1920-я гг. сітуацыя практычна не зьмянілася, а, наадварот, у сувязі з інтэнсіфікацыяй мадэрнізацыйных працэсаў, моўная асіміляцыя ахапіла ўсё большую колькасьць людзей. Да прыкладу, у 1932 справаздача па беларусізацыі ў Манастыршчынскім раёне сьведчыла: “… коренизация школ за 5 лет ощутимых результатов не дала, так как разговорный язык местного населения не является белорусским, а нечто среднее” [3, c.45]. За чатыры гады да таго, у дакладзе пра палітасьветсетку Смаленскай губерні адзначалася, што “... беларускае насельніцтва, у большасці сваёй, ставіцца [да мовы] індыферэнтна. Бываюць выпадкі актыўнага процідзеяння арганізацыі школ на роднай мове” [5, с.307].

 

Крыніцы сьведчаць, што сярод мясцовых беларусаў у 1920-я гг. адбывалася і зьмена элементаў традыцыйна-бытавой культуры: быт вяскоўцаў, іх вопратка, прылады працы, посуд, хатняе начыньне набываюць вялікарускі вясковы ці мяшчанскі характар. Напрыклад, у раёнах Смаленшчыны па рэках Жарне і Дзясьне стары беларускі тып жытла перакрываўся больш новым – паўднёварускім, а часам і жытлом гарадскога тыпу [4, с.186].

 

Не такой пашыранай, але існаваўшай мадэльлю этнічнай ідэнтычнасьці беларусаў была і монаэтнічная ідэнтычнасьць, якая супадала з сапраўднай этнічнай прыналежнасьцю вяскоўцаў. Да нашых дзён захаваліся дакуманты, якія адлюстроўваюць наяўнасьць беларускай ідэнтычнасьці ў жыхароў Смаленскай вобласьці. Так, пасьля ўзбуйненьня БССР у 1924 годзе, тыя жыхары Смаленшчыны, што былі прыпісаны да Смаленскай вобласьці РСФСР, але лічылі сябе беларусамі, адсылалі прашэньні ў ЦВК БССР аб далучэньні іх вёсак да Беларусі. Жыхары вёсак Вялікі Рай, Малы Рай і Сьвірыдаўка Бахоцкай воласьці пісалі: “...Собравшись сего числа (1924 г., марта 30 дня) на общий сход и обсудив вопрос о присоединении нас к Великороссии, решили: ввиду того, что мы искони принадлежали к нации белорусов, каковыми были наши прадеды, отцы и деды...Узнав, что наши деревнии отходят к Смоленскому уезду, следовательно к Великороссии, в нас пробудились национальные чувства – жажда присоединения к родному краю, в котором мы родились и желаем умереть, защищая наше национальное право” [6, арк.398]. Аналягічна выказваліся сяляне Шышкоўскага раёна Бахоцкай воласьці, матывуючы сваё жаданьне далучыцца да БССР тым, што яны не жадалі “отстать от своей национальности и своего коренного белорусского языка”, а таксама вёскі Перасядзеньне Асьлянскай воласьці Мсьціслаўскага павету [6, арк.398]. Тая зьява прыняла масавы характар і ахапіла шырокія тэрыторыі памежных вёсак. Тлумачэньне такога ўсплёску нацыянальнай сьвядомасьці і беларускай ідэнтычнасьці цяжка тлумачыць адной блізкасьцю Беларусі як нацыянальнага цэнтра ці якой адной прычынай. Верагодна, на такую зьяву аказалі ўплыў наступныя фактары: 1) суб’ектыўныя, якія выражаліся ў тым, што разьмежаваньне прывяло да штучнага падзелу рэгіёна, то бок людзі пакінулі сваіх родных, знаёмых, эканамічных партнэраў за межамі рэспублікі (напрыклад, Асьлянская воласьць была падзелена папалам між РСФСР і БССР); 2) сацыяльна-эканамічныя, якія маглі ўзьдзейнічаць на памежнае насельніцтва ў сувязі зь лепшым узроўнем жыцьця ў БССР, бо, напрыклад, на той час стаўкі заработнай платы для 1 разраду ў Смаленскай губэрні раўняліся 4 рублям, а ў суседніх паветах Беларусі – 7 рублям [7, с.50]; 3) палітычныя, якія маглі выражацца ў недаверы да мясцовых і рэспубліканскіх уладаў (на Смаленшчыне былі зафіксаваны і сялянскія хваляваньні) і, адпаведна, адлюстроўвацца на жаданьні жыхароў увайсьці пад юрысдыкцыю іншага рэспубліканскага ўраду. Да таго ж, ня трэба забывацца на наяўнасьць у губэрні нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі, як мясцовай, так і прыезджай з БССР, і зьвязаны зь ёй 4) асьветна-мабілізацыйны фактар, які выяўляўся ў “абуджэнні” этнічнай ідэнтычнасьці беларускай пэрыфэрыі. Напрыклад, вядома, што сярод студэнтаў так званага Беларускага зямляцтва ў Смаленску, якое дзейнічала ў 1920-я гг., ураджэнцы Смаленскай губерні складалі каля 20% ад ліку усіх яго членаў [8, аркарк. 35-37]. Студэнты, як па ўласнай ініцыятыве, так і згодна пляну Савета па асьвеце беларусаў пры Губана, займаліся беларускай культурна-асьветнай працай ня толькі сярод сваіх сябраў, але і ў губэрні, прапагандуючы пераход людзей на беларускую мову [9, c 90]. У мясцовай адміністрацыі і сістэме адукацыі былі нацыянальна сьвядомыя кадры, якія гуртаваліся вакол Беларускай сэкцыі Смаленскага адзьдзела народнай адукацыі і вакол беларускіх школкаў губэрні. Мабілізацыйна-асьветная праца дала свой плён і былі прыклады, калі навучэнцы ахвотна займаліся на беларускай мове, а беларуская школа мела аўтарытэт. Праўда, такіх школ было ў параўнаньні зь іншымі мала.

 

Грунтуючыся на няпоўным шэрагу крыніц, цяжка зафіксаваць наяўнасьць на тэрыторыі Беларускай Смаленшчыны іншых формаў этнічнай ідэнтычнасьці, такіх як біэтнічная і маргінальная этнічная ідэнтычнасьці, якія зьяўляюцца паняткамі больш прыватнага, ніж групавога характару і патрабуюць дадзеных складаных псыхалягічных тэстаў-анкет, якіх, на вялікі жаль, няма. Тым ня меньш, можна з упэўненасьцю сьцьвярджаць, што ў вывучаемым рэгіёне, у тым ліку, у раёнах, якія зараз знаходзяцца ў складзе Расеі, у 1920-я гг. беларуская самаідэнтыфікацыя мясцовага насельніцтва мела месца, хоць і ў абмежаваных формах.

Літаратура

1. Стефаненко Т.Г.Этнопсихология. М., 1999.

2. Хотинец В.Ю. О содержании и соотношении понятия этническая самоидентификация и этническое самосознание // Социологические исследования. – 1999. – №9.

3. Корсак А. Праблемы беларусізацыі ў Смаленскай губерні і Заходняй вобласці РСФСР у 1918-1938 гг. // Культура беларускага пагранічча: тэматычны зборнік навуковых прац. Кн.6. Горкі-Брэст. 1999.

4. Расторгуев П.А. Говоры на территории Смоленщины. М., 1960.

5. Корсак Анатоль. Беларусы на Смаленшчыне // Беларусіка. Кн.6.Ч. І. Мн., 1997.

6. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). – Ф. 6. Матэрыялы па ўзбуйненні і раяніраванні БССР. – Воп 1 – Спр. 346.

7. Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.

8. НАРБ Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). – Ф. 268. Цэнтральнае Бюро прафесійных саюзаў. – Воп. 1 – Спр. 61.

9. Беррашэд Ф.Б. Беларускае студэнцтва ў Смаленску (1920-я гг.) // Актуальные проблемы из исторического прошлого и современности в общественно-гуманитарных и социо-религиоведческих науках Беларуси, Ближнего и дальнего зарубежья: материалы международной научно-теоретической конференции. Ч.2., Витебск, 2007.

10. Корсак А. Беларускія школы на Смаленшчыне // Беларускі гістарычны часопіс. – 1998. – №3.

 

Michael C. Hickey

Demographic aspects of the jewish population in Smolensk province, 1870s-1914

Сьцягнуць: 

 

Цыпрыян Камуняка 

Копиа листу п[ан]а Циприана Комуняки, шляхцица воеводства Смоленскего, писанего до им  пана Филиппа Обуховича, воеводы Смоленскего, в те слово

 

Милостивы пане Обухович, а мой ласкавы пане! З умыслу моего посылаю служку нашого давного, пана Иовхима Говорку, одвешчаючи доброе здоровье Вашей Милости чили нездоровье, в яким на тот час милостивы господ ховать рачит после того перепуду московского. И так знаю, што нудно Вашей Милости на животе. Не гневайсе, Твоя Милость, на мене, што титулу воеводского не доложив: написавши я воеводою Смоленским, то б я солгал; написавши опять безвоеводским, то би се Ваша Милость гневав, хоть нет за што. Я так розумею: коли Смоленск продали, то и титул продали. Много людей об том звешчали, што люди и гроши побрали. Лепей было, пане Филипе, седеть у Липе. А тось увалаусе у великою славу, як свинья у гразь. Горш то се стало, коли хто упадет в новым кажусе в густое болото. У злом розуменю, в обмовах людзских и в соромости сидит, як дьявел у дупли. От нам за тое, што дешаво Москва соболи прадавала: всю Русь з людьми одебрала. И коли мы обачили густые собольи колнеры, познали зараз, што худо будут гиться [видимо, следует: «биться» - О.Л.] нашие жолнеры. А што мы, дурные, в кожухах семь лит Смолинска добывали, то вы, мудрые, в особолях за четернацаць недель оддали. Баюся вельми, штоб за тое баба кому пупа не ризала. Об меншая чию вину, кажуть люде, Осцика небошчика наполохав кат у Вильни, аж мясо его валалосе, што одно картачка писав до Москвы неосторожна. А мы и цара в ногу цаловали, и грооши [так в публикации – О.Л.] побрали. А безмал нам тое не минетсе. Пан Гонсевски немного по-лацинску умев, а з меньшим людом и аппаратам военным, и з живностаю [так в публикации – О.Л.] Смоленска додержав. Мудрость великая, кажуць люде: свинья, коли много хто ее заживает, то ничого не дбает, а коли чловек надто укусит, и постагнаць мусиць, и хвасту бывает неупокой. София филозофию радила: седит высоко, говорит глыбоко. Куделя, пане, жаноцкая речь, да шчоб пекла горазд олатки. Есть у мене старые книги, лежат у новым куце. Завседы я там много вычитаю жаноцкой псоты, як яны з ума зводют людей мудрых. А што баб нас гришных к лиху не привели! А колиб дотуль Ваша Милосць писаром быв, тоб чоловекам слыв, и того б з нас годя было за нашое лихое шалберство. Показуют люде и тое на Вашей Милосци, якобы до вымышляня подымного нихто не быв причиною, только Ваша Милосць, которым выкурили наших мужиков, як веребьев з веника, бо змал з мудрых ораторов не будет много ратаев. Послом зоставши, правды не говорил, только: «Берете копы, депутатам копы, комисаром копы». А тые копы постригут не одного у хлопы, а пан нет ведома где будет. Ве Гданску есть там кому вал сыпати и без нас. Што-кольвек люде старые говорили, то все правда. И гаразд вспомнити маю: коли быв пан Мелешко кашталяном Смоленским, будучи на сойме, — а я на той час за ним з кордиком стояв,— его мова в тые слова была: «Панове! Кажу вам прауду по вельми мудрых людях: Ничого на свети гетая хвиля, што з болота чинят золото, а з золота болото сваими шалберсками мовами». И он, пане, з прауды непрауду, а з непрауды прауду уробил, а шчобы нас, убогих людей, не мели ошукать и в блазны пострихчи, але, покуль он того докажет, сам кепем зостанет. Надулсе в сенати, как петух галагуцкий. А прауды не пытай, все баламутня, усе держит: так, так, а коли мовит: то не так,— и писнуть не хочет. Не боявся так короля ИМсци Зигмунта и всих сенаторов, а не умев боли, одно Часовник а Псалтырь прочитав. По многих книгах зблудився теперечни розум, як коза по лисе, а на прауду светую ни одного ока здорового нет, одно баламутня. За тою баламутнею и сами погибнут, и нас погубят. Розон им, пане, у живот буде. А я такая особка, таки чоловик. Цивунец мой з рыкунею быв з сырами на торгу у ленней маетносци моей, чув од когось и то мне звестив, шчо ляхи на МВсци вельми хвосты позакарачивали,— одно б только сейм дойшов альбо съезд быв; хочут ВМсци об тое турбовать. Не кепско. Дай то, боже, шчоб се тое не минуло. И — то ли прауда, чи не,— показуют на ВМсци, якобы мев ВМсць дванасце сот пехоты затегнут на одыскане Смоленска. Даремное МВсци [так в публикации – О.Л.] старане! Мевши четарнасце сот пехоты до обороны Смоленска, людей зацных и добрых, при живности, армате, да не хотив боронити, а теперь только сву маючи греблю у маетности пол оной сыпать позволяю, а не Смоленска назад одыскивать. Ой, пане! годя Франца витать, як слижа в Немен упустит. Не завтро тое будет, минут его и трое людей [курсив без примечания в публикации – О.Л.]. И тое кажут доводне: во всих штурмах ВМсци только одного ткача забито и то не вельми знаменитого. Хтось побредив, якобы ВМсци воеводство Краковское король, Его Милость, в нагороду Смоленска мает дати. Боются ляхи вельми, штобы твоая [так в публикации – О.Л.] милость венгром оных не прадав. Нешто, пане, родом гето деетсе. Дед Твоей Милости, коли генералом быв в Мозыру, то, слышу, за малые грошы и великою непрауду признав. Пан отец ВМсци, судьею будучи мозырским за моей памяти у кого больш узяу, таго хорошо осудив. Коли небошчик з того свита уступив, мозыране вельми радые были. А коли б ВМсци дагетуль за праудою ходив, то б и бог помогав. Да души так ми тое дзивно, што ВМсци триста подвод под одну постель Москва дала. Якое гето лихо! Не постиль была так вельми тяшкая. Знаю: кожнае перко обернулося в чырвоные золотые. Сяк-так было нагородився ВМсци перепуд московский, коли гетакою кучу гною дал вывисти з Смоленска. Хмельницкому до Чигирина и тоб не без шкоды было. Пане! У мене гетой бредни есть не мало: одних перин девять, окромь дробных подушак, и то одна кобыла возит, где той бредни треба. Мев бы што и больш до ВМсци писать, зленився. Да уже и стар и не могу. Да не гневайся, сподару, А хтож кого остережет, коли не милый давний твой друг. Дат з Тулан дня 6 Юлиа року 1655.



 

Спіс абкладзеных царом Аляксеем Міхайлавічам у Смаленску ў 1654 годзе 

 Сьцягнуць: 

 

Асоба

Георгій Юрчанка

3 Беларуссю заручоны

«Ад Сожа ціхага, ад берагоў Вяхры», з зямлі старажытнай Мсціслаўшчыны прыйшоў у беларускую літаратуру здольны юнак Сяргей Фамін. Бацьку яго, селяніну па паходжанні, пашанцавала «выбіцца ў людзі» — атрымаць педагагічную адукацыю. Маці — непісьменная сялянка — размаўляла толькі па-беларуску. Так што беларускую мову ён засвоіў літаральна з малаком маці .

 

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі частка былога Мсціслаўскага павета адышла да Расійскай Федэрацыі. У Манастыршчынскім раёне на Смаленшчыне аказалася і родная вёска будучага паэта Пепелеўка, у якой ён нарадзіўся ў 1906 годзе. Але юнак цвёрда лічыць сябе беларусам, вучыцца ў Мсціслаўскай сямігодцы, заканчвае Магілёўскі педтэхнікум, Беларускі дзяржаўны універсітэт.

 

Рана абудзілася ў Сяргея цяга да творчасці. Ён змяшчае допісы ў газетах. У 1925 годзе ў друку з'яўляюцца яго вершы. А ў наступным годзе крытык М. Аляхновіч ужо аналізуе творчасць маладога паэта, паведамляе, што ім напісана значная колькасць вершаў і паэма «Перазвоны восені» і што ў друку з'явілася толькі невялікая частка яго твораў.

 

Пачынаў Сяргей Фамін як тыповы маладняковец. Гімн Кастрычніку, барацьба новага са старым, радасць маладосці — гэта асноўныя тэмы паэта. Сустрэнем у яго і маладнякоўскую атрыбутыку, асабліва ў паэме «Балота» — «густая аксамітная сінь», «сонечныя дні»,«мітульга мяцеліц», «касагораў белыя грудзі», «каралі рос», «серабро вясёлкавых крыніц», «новай эры веянь», «румянкавыя гоні», «пунсовае ранне», «лілова-сонечная вясна». Разам з тым крытыкі, а сярод іх вопытны і спрактыкаваны Максім Гарэцкі, адзначаюць рад істотных якасцей творчасці маладога паэта: тонкае адчуванне верша, адшліфаванасць паэтычных радкоў, іх плаўнасць, мілагучнасць, дасканалае валоданне словам. Паэт шчасліва пазбегнуў фармалістычнага штукарства, бурапены, бяскрылай летуценнасці. Абышлі яго ўвагай бязвер'е і песімізм. Істотным было тое, што сам паэт знаходзіўся ў асяроддзі, дзе жылі яго героі, сам быў удзельнікам гэтага жыцця. У яго вершах ярка выражана жывое пачуццё, сапраўдны лірызм, многія творы вылучаюцца канкрэтнасцю вобразаў і перакананасцю дэталей, разуменнем складанасці грамадскіх падзей. Лірычны герой верша «Растапталіся цяжкія боты» разумее неабходнасць прыходу новага, хоць для яго гэта нялёгка. У горадзе ён адчувае сябе яшчэ нібы ў «зацішы жыта». Але «загудзеў хрыпатліва гудок», і адразу «рабочым стальным камсамоллем загудзела» яго галава. Паэт разумее неабходнасць індустрыялізацыі, але шкадуе вёску, хоць і не ідэалізуе яе: там балоты, трысцё, званец, хаты-гніль і толькі «рэдкіх ніў пазалота».

 

С. Фамін быў сведкам падзей сусветна-гістарычнага значэння, гарачым сэрцам успрыняў справу рэвалюцыі і цалкам аддаў сябе яе ідэалам:

                                                  Мяне жыццё агнём пацалавала,

                                                  Каб у жыцці я заўжды мог гарэць!

 

Паэт імкнецца адлюстраваць новыя бакі рэчаіснасці, практыку сацыялістычнага будаўніцтва, выявіць пачуцці свайго сучасніка. Шырокі ідэйны кругагляд яго лірычных герояў, якім уласціва прага творчай дзейнасці. Ён стварае выразныя вобразы працаўнікоў-ударнікаў («За новыя дні», «Менск», «Наш крок» і інш.), захапляецца імі і сам гатовы ўдзельнічаць у стваральнай працы: «Калі трэба — я сяду сам за сталёвы калгасны трактар».

 

Праз усю паэзію С. Фаміна праходзіць шчырая любоў да сваёй бацькаўшчыны, роднага краю, роднай Беларусі.

Значнае месца ў творчасці С. Фаміна займае тэма сяброўства, шчырай камсамольскай дружбы, кахання. Радкі яго вершаў напоўнены радасцю звычайнага, зямнога жыцця, яго рэалій. Паэт шчаслівы, калі

                                                  Дзяўчына зноў спявае мне пра жыта,

                                                  Пра хараство жыцця і срэбра зор.

 

Любімая яго пара — вясна, росквіт усяго жывога. Самыя шчырыя і бадзёрыя радкі выліваюцца з-пад пяра паэта пра гэту пару года: «Б'е вясна вясёлай працай камсамола»; вясна «травою сыпала ў палёх, ў мільёны скрыпак дзесьці грала»; гэта вясной «пырнуў травою ў палях касагор». Але вясна ва ўяўленні паэта —не толькі нара года. Гэта нешта шырэйшае, вясна чалавецтва, якую ён гатовы так звонка апяяць. 3 глыбіні ўзрушанага юнацкага сэрца вырываюцца словы, звернутыя да сястры (верш «Ноч»):

                                                  Ой, глядзі, месяц так залаціцца.

                                                  Хіба ж можна цяпера заснуць?

                                                  Заспяваем жа дружна, сястрыца,

                                                  Камсамольскую нашу вясну!

 

У многіх вершах паэт апявае шчырасць кахання. Да каханай яго лірычны герой адносіцца ўзвышана-цнатліва, з выключнай чысцінёй пачуццяў, пяшчотна і трапятліва. Разам з тым асабістае і грамадскае непадзельны. Як правіла, гераіня такіх вершаў — камсамолка.

 

Вельмі востра скіраваны у сучаснасць вершы «Чырвоны ордэн» і «Сіняй ноччу, ў месячную замець». Першы расказвае пра барацьбу ў гады грамадзянскай вайны. За вёскай ідзе бой. Маці з трывогай чакае сына. Нарэшце не вытрымлівае, ідзе яго шукаць. Знаходзіць мёртвага з чырвоным ордэнам на грудзях. Навокал пануе атмасфера радасці ад атрыманай перамогі. Але «нешта радасць засціць». Гэта несуцешнае гора маці. Ці не далучаецца безыменны фамінскі юнак да тых дваццаці мільёнаў, якіх мы недалічыліся пасля апошняй вайны і якіх працягваем аплакваць і сёння. У вершы выразна гучыць асуджэнне жорсткасцей вайны.

 

Шэсцьдзесят год назад напісан і другі верш — «Сіняй ноччу, ў месячную замець...». Але які ён надзённы! Тады яшчэ не было размоў пра экалагічвыя праблемы. А паэт, нібы сёння, абураецца бяссэнсным знішчэннем лясоў. Ён знаходзіць дакладныя словы, каб выказаць пратэст супраць неразумных адносін да прыроды: «пад дубам плакала жалеза», «маўчалі зрэзаныя пні», дуб паваліўся «урачыста, ўзбурана і горда», высечаны бор «быў пахож на могільнік далёкі». С. Фамін захапляўся творчасцю С. Ясеніна. Як успамінае Алесь Звонак, Сяргей так чытаў любімага паэта, што слухачы плакалі, Натуральна, вучоба ў вялікага рускага паэта ў вершах С. Фаміна досыць ад-чувальная. Асабліва гэта відаць у вершах «Прыяцель», «Па першай парошы» і ў інш. Бясспрэчна, творчасцю С. Ясеніна навеяны фамінскія радкі:

                                                    Пацалункамі вытку «люблю»

                                                    Па канве тваіх шчок загарэлых.

             Або:

                                                    Я у сэрца люблю насыпаць

                                                    Тваіх слоў залацістае проса.

 

Разам з тым неабходна адзначыць, што гэтая вучоба была плённай, творчай. Паэт хутка сталеў. Пашыралася тэматыка. Уважліва ўглядаўся С. Фамін у мінулае роднага краю, апяваў гераічную барацьбу бацькоў і старэйшых братоў за перамогу народа, за ўстанаўленне ўлады рабочых і сялян. Істотная розніца заўважаецца паміж вершамі 1926 і 1928 гадоў. Усё менш і менш заставалася знешніх адзнак маладнякоўства. Актыўны ўдзел прымаў ён у літаратурным жыцці. Амаль у кожным нумары «Маладняка» за 1928—1929 гады паведамлялася пра яго выступленні перад рабочымі, навучэнцамі.

 

3 1930 года паэт жыве ў Горках, выкладае беларускую і рускую мову і літаратуру на рабфаку і ў сельскагаспадарчым інстытуце. Кіруе літаратурным гуртком, настойліва працуе пад паэтычнымі радкамі. Шматтыражка «За пралетарскія кадры» паведамляла ў 1934 годзе, што ў паэта падрыхтавана нямала новых вершаў. Дарэчы, газета досыць часта друкавала вершы студэнтаў. Вялася размова пра выданне альманаха «Літаратурныя Горкі».

 

У Горках С. Фамін праходзіў ваенную падрыхтоўку і, нібы прадчуваючы свой далейшы лёс, вучыўся ў аэрафотатапаграфічным тэхнікуме. Здаецца, нішто не прадказвала няшчасця.

 

Але нечакана яго жыццёвы шлях быў жорстка зламаны. 4 студзеня 1935 года паэта арыштоўваюць, абвінаваціўшы ў стварэнні контррэвалюцыйнай групы. Праз чатыры месяцы спецыяльная калегія Вярхоўнага суда БССР прыгаварыла яго да выключнай меры пакарання. Праўда, па гэты раз Вярхоўны суд СССР замяніў прыгавор на 10 год пазбаўлення волі. Без срод-каў існавання засталіся жонка і трое дзяцей. Нявестку і ўнукаў прытуліў бацька паэта. Але і ў Пепелеўцы нялёгка даводзілася сям'і асуджанага. Заўважаліся косыя позіркі, чуліся зневажальныя словы. Пакаранне паэт адбываў у Комі АССР. Працаваў у тапаграфічнай партыі. Зрэдку родныя атрымлівалі ад яго паштоўкі, пісьмы. Ён усяляк стараўся падбадзёрыць маці, жонку, дзяцей. У пісьмах расказваў пра побыт, працу, нібыта ў яго ўсё добра. Дзе толькі можна, чытае. Вывучае італьянскую мову, завучвае на памяць верш Дантэ. Выкройвае час на ўласныя вершы: «Немножко творю...» У пісьмах выражае ўпэўненасць у хуткую сустрэчу.

 

Але адчуваецца, што сапраўднай надзеі па зварот у яго не было. Вось адрасаваныя жонцы радкі з паштоўкі:

                                                    Я грежу именем твоим, твоей тоской

                                                    Как музыкой, как лугом, поцелуем.

                                                    Мария! песня встреч... и вот с такой

                                                    Мечтой, наверное, умру я.

 

Так, у паэта былі ўсе падставы не спадзявацца на магчымасць вяртання з сталінска-берыеўскіх лагераў смерці. Сапраўды, неўзабаве аднаго пакарання для паэта паказалася мала. 29 верасня — 2 кастрычніка 1941 года над ім адбыўся другі суд. С. Фаміна абвінавацілі ў контррэвалюцыйнай прапагандзе і агітацыі, удзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі і падрыхтоўцы ўзброенага паўстання, ва гэты раз у месцах зняволення, і прыгаварылі зноў да выключнай меры пакарання. 4 снежня таго ж года паэт быў расстраляны.

 

Так трагічна абарвалася жыццё шматгранна адо-ранага паэта. Талент С. Фаміна не паспеў разгарнуцца ва усю моц. Але яго паэзія ў маладнякоўскім вянку ззяла адметнай I прывабнай кветкай. Не страціла яна пазнавальнага і эстэтычнага значэння і ў наш час.

 

Крынiца: Фамін С. Дымнае жыта: вершы, паэмы, пераклады. – Мн.: Мастацкая літаратура, 1991, - 139 с.

 

 

Асоба

Цярэшчанка Кузьма Юр’евіч
(кастрычнік 1888 – 12.03.1922)

Cакратар міністэрства замежных справаў БНР, старшыня Часовага БНК, старшыня Цэнтральнага БНК, адзін са стваральнікаў Цэнтральнага беларускага саюза сельскай гаспадаркі (Цэнтрабелсаюз)

 

Нарадзіўся ў в. Замосцішча Рослаўскага пав. Смаленскай губ. Скончыў Пскоўскую каморніцкую школу ў 1906 годзе і Маскоўскі сельскагаспадарчы інстытут у 1912 годзе. З 1906 года прыхільнік партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Пад час вучобы ў Маскве з’яўляўся сябрам беларускага студэнцкага гуртка. З пачаткам Першай сусветнай вайны быў у арміі. У 1917 годзе – адзін з ініцыятараў стварэння і старшыня Пскоўскай беларускай рады.

 

 Удзельнік з’езду беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску ў лістападзе 1917 года і І-га Усебеларускага з’езду. Сябра БПС-Р. Восенню 1918 года быў кааптаваны разам з А. Борыкам і А. Грыкоўскім у Віленскую беларускую раду. У снежні 1918 года разам з Т. Данілюком арганізаваў у Ваўкавыску сялянскі павятовы з’езд, на якім была створана Ваўкавыская беларуская сялянская павятовая рада. З 22 лістапада 1918 года выконваў абавязкі кіраўніка міністэрства ўнутраных справаў ураду БНР. Распрацаваў «Часовыя палажэнні аб губернскіх камісарыятах БНР». 1 лютага 1919 года быў прызначаны А. Луцкевічам сакратаром міністэрства замежных справаў БНР.

 

Удзельнічаў у Беларускім з’ездзе Віленшчыны і Гродзеншчыны ў чэрвені 1919 года. Сябра ЦБРВіГ. Летам 1919 года выконваў абавязкі дыпламатычнага прадстаўніка БНР у краінах Балтыі. Вёў перамовы з прым’ер-міністрам латвійскага ўраду аб стварэнне на тэрыторыі Латвіі беларускіх вайсковых частак. 31 ліпеня 1919 года звярнуўся да кіраўніка латвійскага ўраду К. Ульманіса з просьбай аб стварэнні на тэрыторыі Латвіі вайсковай базы, з мэтай выхаду беларускіх частак на тэрыторыю Беларусі. У жніўні 1919 года звярнуўся да міністра замежных справаў Латвіі З. Мееровіца з просьбаю аб мабілізацыі беларусаў у асобныя часткі. Дамовіўся аб адкрыцці на тэрыторыі Латвіі Консульства БНР. Акрамя гэтага, К.Цярэшчанка вёў неафіцыйныя перамовы з князям Лівэнам, камандуючым дабраахвотніцкім расійскім аддзелам балтыйскага ляндэсвэру, аб фармаванні беларускіх атрадаў пры яго корпусе. Пасля вяртання ў Вільню на кароткі час арыштоўваўся польскімі ўладамі. З верасня 1919 года – у Мінску. Старшыня Часовага БНК. Удзельнічаў у надзвычайным сходзе Рады БНР 13 снежня 1919 года, на якім бы абраны сябрам Найвышэйшай рады. 17 снежня 1919 года звярнуўся да А.Луцкевіча з просьбай аб адстаўцы з пасады міністра ўнутраных справаў БНР. 28 снежня 1919 года Рада міністраў БНР прыняла ягоную адстаўку. У тым жа месяцы на з’ездзе БПС-Р быў выключаны з шэрагаў беларускіх эсэраў.

 

Адзін з ініцыятараў стварэння ў студзені 1920 года Цэнтральнага беларускага саюза сельскай гаспадаркі (Цэнтрабелсаюз). У якасці сябра Найвышэйшай рады ўдзельнічаў 20-24 сакавіка 1920 года ў беларуска-польскіх перамовах. Пасля адмовы польскіх уладаў у правядзенні ў красавіку 1920 года 2-га Ўсебеларускага з’езду склаў з сябе паўнамоцтва старшыні БНК і перайшоў на сталую работу ў Цэнтрабелсаюз. Пад час савецкага наступлення ў ліпені 1920 года разам з Б. Тарашкевічам і В. Іваноўскім эвакуаваўся ў Варшаву. 15 жніўня 1920 года ад імя Найвышэйшай рады падпісаў з В. Ластоўскім акт аб каардынацыі дзяржаўнай працы. Разам з апошнім прымаў удзел у перамовах з прадстаўнікамі польскай дэлегацыі ў Рызе наконт будычыні беларуска-польскіх адносін. Восенню 1920 года з’яўляўся старшынём Цэнтральнага БНК.

 

Удзельнічаў у Слуцкім паўстанні. Пасля самаліквідацыі Найвышэйшэй рады ўлетку 1921 года жыў у Вільні. Адзін з арганізатараў Саюзу сельскай гаспадаркі на Віленшчыне. Намагаўся стварыць у Вільні беларускую сельскагаспадарчую школу. Беспаспяхова выдвігаўся ад Цэнтральнага беларускага выбарчага камітэту ў сейм Сярэдзіннай Літвы. У 1922 годзе пераехаў у БССР, дзе працаваў на адказных пасадах у Цэнтрабелсаюзе. Раптоўна памёр пры загадкавых абставінах у пакоі вартаўніка будынка Наркамзема БССР у Мінску пасля святочнага вечара (паводле афіцыйных звестак - ад разрыву сэрца).

 

У сярэдзіне лістапада 1918 года К. Цярэшчанка быў прызначаны літоўскім урадам камісарам Гродзенскага павету, аднак, ужо 23 лістапада 1918 года загадам міністра ўнутранных справаў Літвы ўзначаліў Ваўкавыскі павет. У снежні 1918 года ўдзельнічаў у беларускім сялянскам з’ездзе ў Гродне. Разам з Т. Данілюком і А. Борыкам зноў прыехаў у Гродна 31 снежня 1918 года. 6 студзеня 1919 года прызначаны Я. Варонкам камісарам у Беласток, куды выехаў на наступны дзень. 16 студзеня зноў у Гродне. У лютым 1919 года выконваў абавязкі камісара Гродзенскага павету. Сябра клубу «Беларуская хатка» і ЦБРГ. Пад час свайго побыту ў Гродне зімой 1919 года ўступіў у РКП(б). 15 сакавіка 1919 года на паседжанні ўраду БНР у Гродне быў прызначаны міністрам унутраных справаў. Зноў быў праездам у Гродне каля 17 ліпеня 1920 года і восенню 1920 года. Хутчэй за ўсё, прыехаў з Рыгі, дзе ад імя Найвышэйшай рады вёў перамовы з В. Ластоўскім. 12 кастрычніка 1920 года абраны сябрам рэвізійнай камісіі Саюзу спажывецкіх кааператываў Гродзеншчыны. 21 лістапада 1920 года ў якасці прадстаніка Цэнтральнага беларускага камітэту прысутнічаў на беларускай вечарыне ў рэстарацыі «Раяль».

У Гродне ў пачатку 1919 года К. Цярэшчанка жыў у гатэлі “Еўропа”.

Крынiца: http://www.grodnoproblem.km.ru/

 

 Асоба

Сьпірыдон Міхальцоў

(? - ?)

Амаль невядомы беларускі пісьменьнік родам з Дарагабужскага павета Смаленскай губерні. Яго творчасьць прыпадае на часы беларусізацыі 1920-х гадоў, калі ён працаваў у рэдакцыі маладнякоўскай "Чырвонай Полаччыны". Міхальцоў, ён жа Воцьлахім, пакінуў пасьля сябе шэраг вершаў, газетных артыкулаў, і, па словах Максіма Гарэцкага, быў яскравым прыкладам маладога  беларускага творцы, які нарадзіўся ў атачэньні расейскай культуры, але зь цягам часу перайшоў да роднай.

Прапануем сьцягнуць невялічкі празаічны твор Сьпірыдона Міхальцова "Мікоша": 

Сьцягнуць:    

 

Асоба

Шчаглоў-Куліковіч Мікола

(4.4.1893 – 31.3.1969) 

Уладзімер Арлоў 

 Імёны Свабоды: Мікола Шчаглоў-Куліковіч

Мікола Шчаглоў нарадзіўся на беларускай Смаленшчыне. Рана застаўшыся сіратой, ён часта гасьцяваў у цёткі, што была ігуменьняй жаночага манастыра ў Цьверы. Там хлопчык пачаў сьпяваць у хоры і хутка зьвярнуў на сябе ўвагу выкладчыкаў Маскоўскай сынадальнай музычнай вучэльні, што шукалі на правінцыі здольных музыкаў.



Зьявіўшыся ў 1936-м у Менску, Шчаглоў-Куліковіч стаў адным з арганізатараў Опэрнага тэатру і дырыжорам яго сымфанічнага аркестру. Да пачатку Другой сусьветнай вайны ён быў ужо вядомым кампазытарам.

У часе нямецкай акупацыі Мікола Шчаглоў узначальваў музычны аддзел Беларускага культурнага згуртаваньня. Як гэта, на першы погляд, ні парадаксальна, але менавіта тыя гады сталіся ў творчасьці кампазытара найбольш плённымі. На лібрэта Натальлі Арсеньневай ён піша дзьве опэры: лірычна-рамантычную “Лясное возера” і гістарычную “Усяслаў Чарадзей”, а таксама апэрэту “У вырай”. З музыкаю Шчаглова ў Менскім драматычным тэатры ідзе спэктакль “Затонуты звон” паводле п’есы Г.Гаўптмана і рэпэтуецца “Кастусь Каліноўскі”А.Міровіча, які забараняе нямецкая цэнзура...

На эміграцыі Мікола Шчаглоў-Куліковіч працягвае натхнёна служыць сваёй музе. У 1946-м ён арганізоўвае вандроўны Беларускі тэатар эстрады, які аб’ехаў з канцэртамі ўсю Заходнюю Нямеччыну. У гэты час кампазытар стварае музыку да Сьвятой літургіі. Жывучы ад 1950 году ў ЗША, ён выдаў пяць зборнікаў з апрацоўкамі народнага мэлясу і ўласнымі песьнямі, у ліку якіх “Беларусь, наша маці-Краіна” і “У гушчарах” на вершы Натальлі Арсеньневай, “Пагоня” Максіма Багдановіча.

Ня толькі ў беларускіх эміграцыйных колах былі папулярныя найграныя Шчагловым кружэлкі. Цікава, што творы зь іх кралі і без пазначэньня імя аўтара перазапісвалі ў СССР, як гэта здарылася, да прыкладу, з народнай песьняй “Ой, арол”.

Багаты асабісты архіў Міколы Шчаглова-Куліковіча чакае сваіх новых дасьледнікаў ў Беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане.

 Крыніца: www.svaboda.org

 

А.И. Миллер

 Национализм как фактор развития

О дискурсивной природе национализмов

Почему все континентальные империи распались в результате Первой мировой войны

Руссификация-классифицировать и понять

Триада графа Уварова

Формирование наций у восточных славян в XIX в.

Тема Центральной Европы-история, современные дискурсы и место в них России

Лекция Алексея Миллера в клубе Bilingua 31 марта 2005 г.

Национализм в СССР и Восточной Европе (совместно с Т.Исламовым)

Сьцягнуць

 

Міраслаў Грох

Нацыя як прадукт сацыяльнай камунікацыі

Ориентация в типологии

Сьцягнуць

 

Павел Терашкович

Этническая история Беларуси

Сьцягнуць

 

Михаил Долбилов

Культурная идиома возрождения России как фактор имперской политики в Северо-Западном крае в 1863-1865 гг.

“Царская вера”: массовые обращения католиков в право-славие в северо-западном крае Российской империи (1860-е гг.)

Полонофобия и русификация Северо-Западного края (1860-е гг.): метоморфозы этностереотипов

Сьцягнуць

 

Дариус Сталюнас

Границы в пограничье: белорусы и этнолингвистическая политика Российской империи на Западных окраинах в период Великих Реформ

Сьцягнуць

 

M. Fedorowski

Lud białoruski

Сьцягнуць

 

П. Бессонов

 Белорусские песни

Сьцягнуць

 

М. Довнар-Запольский

  Белорусская свадьба и свадебные песни

Сьцягнуць

 

Е. Романов

 Белорусский сборник. Губерния Могилевская

Сьцягнуць

 

Сборник памятников народного творчества в Северо-Западном крае

Сьцягнуць

 

 Е. Карский

 Этнографическая карта белорусского племени

Сьцягнуць

Гасьцёўня · Спасылкі · Рознае · Смаленшчына · Галерэя
©Беларуская Смаленшчына, 2007-2010, усе правы абароненыя.Выкарыстаньне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiпэрспасылкi)
         
ВебСтолица.РУ: создай свой бесплатный сайт!  | Реклама | Жалоба  
Amiro CMS: Работает на системе управления сайтом