Беларуская Смаленшчына

Смаленшчына -- адвечная зямля беларускага народу...

Уладзімер Сядура-Глыбінны



 

smalensk.webstolica.ru


Галоўная · Мапа

 

НАВІНЫ
11.10.09
Выйшла з друку кніга Алега Трусава “Невядомая нам краіна: Беларусь у яе этнаграфічных межах”. Першы раздзел кнігі распавядае пра дзяржаўныя утварэнні беларускага народа, якія ў афіцыйнай (беларускай і замежнай) гістарыяграфіі не...
15.08.09
Першы выпадак захворвання на "свіны грып" выяўлены ў Смаленску, перадае "Інтэрфакс". Вірусам заразілася жанчына, якая цяпер знаходзіцца ў бальніцы. Па словах медыкаў, па дапамогу яна звярнулася сама, адчуўшы сябе кепска пасля вяртання з...
08.07.09
Мэра Смаленска ў Беларусі абчысцілі.Пашпарт міліцыя знайшла, а вось грошы зніклі.Як паведаміў БелаПАН начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Брэсцкага АУСТ Віктар Жабрун, 2 ліпеня да іх у дзяжурную часць звярнуўся дарадца мэра Смаленска. Ён...


Нашыя сябры:

Казкі беларускія! 

Цэнтр этнакасмалогіі KRYŬJA 

Жывы Магілёў


11.10.09 Выйшла з друку кніга Алега Трусава “Невядомая нам краіна: Беларусь у яе этнаграфічных межах”

Алег Трусащ "Невядомая нам краина: Беларусь у яе этнаграфічных межах

Выйшла з друку кніга Алега Трусава “Невядомая нам краіна: Беларусь у яе этнаграфічных межах”. Першы раздзел кнігі распавядае пра дзяржаўныя утварэнні беларускага народа, якія ў афіцыйнай (беларускай і замежнай) гістарыяграфіі не прынята лічыць беларускімі, а менавіта пра Цвярское і Смаленскае княствы, Пскоўскую рэспубліку, Дзвінскі край, Надбужскуя краіну ды іншыя землі, якімі валодаў беларускі народ.

Другі раздзел утрымлівае рэцэнзіі аўтара на 5 гістарычных кніг апошніх гадоў, якія, на думку аўтара, варта прачытаць.

“Праца над кнігай вялася на працягу 7 год, - распавядае Алег Анатольевіч, - Спачатку я рыхтаваў для “Радыё Свабода” перадачы, у якіх расказваў пра шматлікія дзяржаўныя ўтварэнні беларускага народу на тэрыторыі Усходняй Еўропы. Гэтыя перадачы карысталіся вялікай папулярнасцю. А самай папулярнай сярод іншых была перадача пра маю родную Смаленшчыну – пра Вялікае княства Смаленскае. Яна пабіла ўсе рэкорды папулярнасці. Таксама друкаваліся артыкулы ў газеце “Наша слова”. І слухачы “Свабоды” і чытачы “Нашага слова” шмат разоў прапаноўвалі мне аб’яднаць матэр’ялы ў адну кнігу. Так што можна сказаць, што гэта слухачы і гледачы натхнілі мяне на выданне кнігі. Я не стаў пісаць кнігу як навуковую манаграфію, а абраў для напісання навукова-папулярны жанр, таму што ўсё дакладна праверыць немагчыма, бо нават ў энцыклапедыях ёсць недакладнасці. і я загадзя прашу прабачэння за магчымыя памылкі і недакладнасці ў кнізе. Так што я чакаю канструктыўнай крытыкі і спадзяюся, што калі кніга атрымае пазітыўныя водгукі, праз 5-6 гадоў можна будзе яе перавыдаць.”

Аўтар выказвае падзяку асабіста Старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”Ніне Шыдлоўскай, кіраўніку МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Алене Макоўскай, кіраўніку Дабрачыннага фонду “Голас Амерыкі” (ЗША) Ірэне-Калядзе-Смірновай, без якіх выданне кнігі было б немагчымым, а таксама Яраславу Мальдзісу і Ігару Марачкіну за выдатнае мастацкае афармленне кнігі і Станіславу Судніку, які рабіў папярэдні макет кнігі.

Пры падрыхтоўцы кнігі выкарыстаны разнастайныя крыніцы: шматлікія энцыклапедыі, манаграфіі, артыкулы да газетных публікацый, а таксама дадзеныя ўласных археалагічных даследаванняў аўтара.

Рэцэнзію да кнігі напісаў доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч. На думку апошняга, у цэлым кніга Алега Трусава “вельмі добрая, карысная і неабходная, асабліва ў наш час, калі сапраўдную гісторыю Беларусі зноў пачалі хаваць ад вучняў, студэнтаў і чытачоў”.

Пра аўтара:

Алег Трусаў нарадзіўся ў 1954 годзе ў горадзе Мсціслаўлі. Беларускі археолаг і гісторык архітэктуры, палітык, публіцыст, дзяржаўны дзеяч Рэспублікі Беларусь. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Кандыдат гістарычных навук, дацэнт. З 1995 года дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва, працаваў дэканам бібліятэчнага факультэта. Старшыня ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” з 1999 года, сябра Вялікай і Малой Радаў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.

Мае больш за 500 навуковых і навукова-папулярных публікацый: артыкулаў, манаграфій, альбомаў і кніг.

---------------------------------------------

Невядомая нам краіна: Беларусь у яе этнаграфічных межах / Алег Трусаў. – Мінск: Кнігазбор, 2009. – 152 с.


Прэзентацыі кнігі “Невядомая нам краіна: Беларусь у яе этнаграфічных межах” з удзелам аўтара адбудуцца

9 кастрычніка ў аўдыторыі 209 Палаца культуры Магілёва, які знаходзіцца па адрасе: пр. Пушкіна, 7 і распачнецца ў 19:00.

10 кастрычніка ў горадзе Мсціслаў Магілёўскай вобласці ў Раённым гісторыка-археалагічным музеі ў 15:00. Музей знаходзіцца па адрасе: вул. Калініна, 49.

26 кастрычніка ў сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны ў Мінску Алега Трусава аматары літаратуры змогуць паслухаць у 18.00. Сядзіба ТБМ размешчана па адрасе: вул. Румянцава, 13.

Прэзентацыі ладзяцца ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”

 

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 Паводле www.zbsb.org

15.08.09 «Свіны грып» падбіраецца да межаў Беларусі

Першы выпадак захворвання на "свіны грып" выяўлены ў Смаленску, перадае "Інтэрфакс". Вірусам заразілася жанчына, якая цяпер знаходзіцца ў бальніцы. Па словах медыкаў, па дапамогу яна звярнулася сама, адчуўшы сябе кепска пасля вяртання з Тайланда.

У адміністрацыі горада падкрэслілі, што ў Смаленску прыняты ўсе неабходныя захады для спынення распаўсюджвання вірусу.

Нагадаем, што некалькі дзесяткаў выпадкаў "свінога грыпу" ўжо зафіксаваны ў Літве. Трывожна…

Паводле: www.nv-online.info

 

08.07.09 Мэра Смаленска ў Беларусі абчысцілі

Мэра Смаленска ў Беларусі абчысцілі.

Пашпарт міліцыя знайшла, а вось грошы зніклі.


Як паведаміў БелаПАН начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Брэсцкага АУСТ Віктар Жабрун, 2 ліпеня да іх у дзяжурную часць звярнуўся дарадца мэра Смаленска. Ён сказаў, што з купэ цягніка «Масква — Берлін», у якім разам з мэрам ён ехаў за мяжу, была выкрадзена яго сумка, у якой знаходзіліся асабістыя рэчы дарадцы, а таксама два пашпарты — яго і мэра.

5 ліпеня выкрадзеная сумка была знойдзена супрацоўнікамі АУСТ недалёка ад чыгуначнай станцыі Цеўлі Кобрынскага раёна. У ёй было ўсё, апрача грошай (каля мільёна расійскіх рублёў), што належалі дарадцу. Сумка з усімі рэчамі вернутая ўладальніку.

Па дадзеным факце распачата крымінальная справа па арт. 205 КК РБ (крадзеж).

Паводле:www.by.belapan.com

20.06.09 "Па тэлевiзары кажуць, што ад вашага малака казляняткам стаць можна!.."

У разгар так званай "малочнай вайны" мы вырашылi на свае вочы спраўдзiць, цi на самой справе расiянам настолькi непатрэбныя беларускi тваражок i кефiрчык. Дзеля гэтага карэспандэнты Глеб Лабадзенка i Яўген Валошын набылi ў звычайнай мiнскай краме цэлую клятчастую "чаўночную" торбу малочных прадуктаў, пераквалiфiкавалiся ў дробных прадпрымальнiкаў i павезлi прадаваць прадукты ў Смаленск — найблiжэйшы буйны ад мяжы горад. Цiкавасцi дадала яшчэ i iнфармацыя пра малочныя "антыбеларускiя" рэйды па смаленскiх крамах мясцовага Расспажыўнагляду. Падчас налётаў на крамы беларускае малако iмгненна здымалася з прылаўкаў, а прадаўцы, якiя парушалi забарону, атрымлiвалi штраф...

"За беларускае малако мянты ўпаяюць вам штраф 50 баксаў!"

...Прадавачкi мiнскай крамы проста адурэлi, калi пабачылi маштабы нашай закупкi. Два звычайныя з выгляду хлопцы набылi 10 лiтраў малака, 2 лiтры кефiру, шэсць вялiкiх упаковак смятаны, тузiн брыкецiкаў тварагу i зверху два кавалкi сыру.

— Кальцыю, хлопцы, ў арганiзме не хапае?! — гуллiва падмiргнула нам маладая касiрка.

Агулам нашай малочнай ракi i тварожных берагоў набралася на 50 тысяч рублёў. Квiток да Смаленска — i мiратворцы з торбай малака высаджваюцца на расiйскай тэрыторыi.

— Хлопцы, памажыце торбу да аўтавакзала данесцi, — просiць жанчына ў цягнiку, — а я вам па 30 рублёў на пiва дам i дарогу на рынак пакажу!

Высвятляецца, што Ганна Iванаўна — наша зямлячка з Брэста. А ў Расiю прывезла прадаць беларускi трыкатаж. Дзве вялiзныя торбы, некалькi дзён паходаў па арганiзацыях (жыве тым часам у сяброўкi) — i 200 даляраў навару забяспечаныя.

Ля вакзала стаiць дзядок з бабуляй.

— Бярыце беларускае малачко, кефiрчык, смятанку! — прапануем мы.

— А рабрынак няма? Мы чакаем з Оршы электрычкi, каб рабрынак узяць. А малако вы пад рынкам станьце прадаць.

Каля рынку прадавачка панчох папярэджвае нас:

— Толькi асцярожна, у нас беларускiя прадукты забаранiлi прадаваць, мянты могуць вам упаяць паўтары тысячы штрафу (каля 135 тысяч беларускiх)!

Мы вырашаем не нарывацца, становячыся на сямi вятрах, а пайсцi па самiм рынку, прапаноўваць прадавачкам i пакупнiцам. Сумка на плячо — i...

"Каму беларускае малачко, тваражок, смятанку!.."

Гандаль iдзе цераз пень-калоду.

— Не, мы беларускае малако браць не будзем! — дае нам ад варот паварот прадавачка джынсаў. — У вас малако з парашку робяць, стандартам не адпавядае, тлушчы штучныя!.. Цяпер мы сваё бяром!..

Першыя дзесяць хвiлiн так i было — мы ўжо зусiм засмуцiлiся, збiраючыся залiць сваё гора малаком... I тут:

— Оля, глядзi, хлопцы смятаны беларускай прынеслi! Давай возьмем, у краме ж ужо каторы дзень няма!

Гандаль кранаецца з мёртвага пункта. Сыходзiць упакоўка смятаны i два пакеты малака. Торба лягчэе, настрой падымаецца! Iдзём па палатках. Жанчына забiрае кавалак сыру, другая — тры пачкi тварагу, мужык бярэ кефiрчык "да батона".

— Дарагi, хадзi да нас! Давай мяняцца! — клiча нас прадавачка цыганскай знешнасцi. Мы, настроеныя на мiжнацыянальны дыялог, моцна не адмаўляемся.

— Глядзi, штаны, якраз на цябе! — пачынае хвалiць тавар Самiра. — Каштуюць 350 рублёў. Давай ты мне 150 рублёў грашыма, а астатняе сваiм малачком-кефiрчыкам.

Праз хвiлiну карэспандэнт Лабадзенка стаiць у лёгенькiх штанах, якiя на нашы грошы каштуюць 31 тысячу, а карэспандэнт Валошын красуецца ў мадняцкiх шортах за 18 тысяч з трыма зорачкамi на кожнай кiшэнi.

— Як у лейтэнанта!.. — паварочваецца перад люстэркам Яўген.

Штаны, апроч 150 рублёў, заважылi на тры пачкi тварагу, дзве ўпакоўкi смятаны i кавалак сыру. За шорты да сумы грошай дадаўся пачак малака i пачак кефiру.

— Ну, цяпер буду здаровая, як карова! — смяецца Самiра.

Задаволеныя, мы разыходзiмся па баках. Каля суседняй палаткi пачынаецца распродаж. Гаворка пра малочных баронаў з Беларусi iмклiва расцякаецца па кiрмашы, i над нашай торбай збiраецца кансiлiум прадавачак.

— Зараз праверым, цi не аферысты! — заўзята кажа адна з жанчын i на нашых вачах ускрывае пачак малака. Мы замiраем. А раптам не спадабаецца?!.

— Дзеўкi, добрае малако, бярыце — не падманваюць хлопцы!..

У гэтую хвiлiну нам здалося, што нам выдалi лiцэнзiю Расспажыўнагляда — торба стала пусцець на вачах, народ жаваў тваражок, пiў кефiрчык i разважаў на тэму беларуска-расiйскага малочнага канфлiкту.

— Гэта ўсё палiтыка, — вяшчала сiмпатычная прадавачка ў мiнi-спаднiцы. — Вось я п'ю кефiр, смачна — дык чаго яго забараняць?! Тым больш, што вашае малако i таннейшае, i смачнейшае за нашае! Чыноўнiкi выдурняюцца, а людзi пакутуюць!..

Аднак на другiм канцы кiрмашу мы спаткалi сапраўдную "малочную" апазiцыю.

— Хлопцы, iдзiце, бо мiлiцыю выклiчу! — накiнулася на нас прадавачка ў акулярах непадалёк ад увахода. — Вашае малако якасцi нiжэйшай за плiнтус — я ўчора па тэлевiзары перадачу глядзела. Нашы санiтарныя ўрачы лiтаральна загадалi нам яго не пiць, пiць сваё, мясцовае. Кажуць, ад вашага малака казляняткам стаць можна! Так што нясiце адсюль свае тваражкi!..

— А я брала i буду браць! — нiбыта на злосць ёй сказала суседка. — Дайце мне тваражку, даўно запяканку не рабiла!..

У нас заставалася два пачкi малака, i мы вырашылi зрабiць падарунак бабулi, якая прадавала паветраныя шарыкi. Эксперымент атрымаўся.

"Скончаць чыноўнiкi "выпендрывацца" — i будзе зноў у нас вашае малако"

— Палыч, бiзнэсменамi станем! — заўсмiхаўся карэспандэнт Валошын.

— У наступны раз бяром каляску, — ужо пачаў будаваць бiзнэс-план карэспандэнт Лабадзенка.

У нататнiку, якi пераўтварыўся ў Кнiгу прапановаў, было пазначана: у наступны раз браць больш смятаны па 20% i 25% (15%-я вельмi вадкая, бяруць дрэнна).  

Другi стратэгiчны прадукт — тварог. У Расii ён каштуе ў 2,7 раза даражэй, чым у нас!.. А бяруць людзi вельмi ахвотна. Да таго ж, прадаць беларускае малачко лёгка — рэкламы не трэба. Тыя, хто бярэ яго рэгулярна, ведаюць, што добрае. А тыя, хто вераць тэлевiзару i чыноўнiкам, а не ўласнаму страўнiку, — не наша мэтавая аўдыторыя. Прадаць за паўгадзiны вялiзную торбу малочных прадуктаў — гэта цудоўны вынiк. Асаблiва ўлiчваючы, што прадавалi не ў краме з лядоўнi, а на рынку з торбы на плячы. I людзi ўсё адно бяруць наша малако ахвотна!..

Дзеля поўнага арыентавання ў сiтуацыi, кiруемся ў фiрмовую краму "Вясёлы малочнiк", дзе прадаюць выключна малочныя прадукты. I тут нас апаноўвае азарэнне! Дык вось у чым фiшка!..

Расiйскi кефiр, хоць сённяшнi i з лядоўнi, каштуе на 6 расiйскiх рублёў даражэй за наш (адзiн расiйскi рубель роўны 90 беларускiм), з клятчастай торбы. Малако — на тры рублi. Тваражок — на 7-8 рублёў. Для параўнання прывядзём кошты ў нашых рублях. У мiнскай краме лiтр кефiру каштуе 1560 рублёў, у смаленскай (на нашы грошы) — 3240. У нас брыкецiк 5 % тваражку iдзе за 1020 рублёў, у Смаленску — за 2520 (!!!). Малако: Мiнск — 1630, Смаленск — 2205. Вось i атрымлiваецца, што беларускiя прадукты i смачнейшыя, i таннейшыя. Дзе ж гэта спадабаецца расiйскiм вытворцам?

— Больш за ўсё пацярпелi нашы пенсiянеры, — кажа прадавачка ў "Вясёлым малочнiку". — Для iх тры рублi — iстотныя грошы. Ваша малако знiкла — прыходзяць, глядзяць на прылавак, i сыходзяць... А ўсё з-за чаго? З-за таго, што чыноўнiкi шмат "выпендрываюцца"! Вось скончаць "выпендрывацца" — i будзе зноў у нас беларускае малако.

ШТО МЫ ЗАРАБIЛI

Як ужо казалася вышэй, у Мiнску мы набылi малочнай прадукцыi на 50 тысяч 130 рублёў. Гэтую прадукцыю рэалiзавалi за 45 хвiлiн у Смаленску (асаблiва не завышаючы цану) за 860 расiйскiх рублёў (77 тысяч 440 беларускiх). Прыбытак — 27 тысяч 270 рублёў. Адсюль можна адкiнуць выдаткі на дарогу.

Але рабiць гэтага не варта. Бо хто возiць на продаж — бярэ не такiя дробныя партыi. Ды i закупляюць не ў звычайнай краме з гандлёвымi накруткамi, а бяруць адразу на прадпрыемствах, дзе нацэнка мiнiмальная.

Глеб ЛАБАДЗЕНКА,
Яўген ВАЛОШЫН.

Фота аўтараў.

Смаленск—Мiнск.

Паводле: www.zviazda.by

20.06.09 У разгар "малочных войнаў" у Смаленску працягваюць прадаваць беларускае малако

...Гэтага рэпартажу не было б, калi б днямi мы з сяброўкай не наведалiся ў Смаленск — шчыра кажучы, так проста, на самастойную экскурсiю. Шукалi беларускiя сляды ў колiшняй беларускай сталiцы. Знайшлi мноства iншых забаўных рэчаў.

Сярод спадарожнiкаў па цягнiку "Брэст — Смаленск" пераважная большасць — вiдавочна расiяне: як толькi паказалiся знакi "Маскоўская чыгунка", масава дасталi мабiльнiкi, каб супакоiць нябачных суразмоўцаў: "Хутка буду дома". Але ёсць i частка беларусаў, многiя з якiх зайшлi ў Оршы — змрочныя, паўсонныя i чамусьцi цераз аднаго з "чаўночнымi" паласатымi сумкамi ды вазкамi.

Прызвычаiўшыся да таго, што ў Мiнску i iншых беларускiх гарадах рэгулярна праходзяць Днi цвярозасцi, дзiўна i смешна бачыць у цэнтры Смаленска дарожную расцяжку "Да краёў налiвай!". Праўда, падышоўшы зусiм блiзка, бачым, што алкагольна-прапагандысцкага тут нiчога няма: гэта рэклама мясцовага квасу.

Фотаапараты цераз плячо i непадробленая цiкавасць да Смаленскай крэпасцi з чырвонай цэглы, гэтаксама як да ўсiх велiчных сабораў, цэркваў i нават проста старых збудаванняў пачатку ХХ стагоддзя выдаюць у нас турыстаў. "Вы адкуль будзеце? — чапляецца на мосце цераз Днепр нейкi мужчына на падпiтку. — З Беларусi, з Мiнска. — Ну дык i я з Беларусi, з-пад Баранавiчаў! — шумна радуецца мужчына. — Ну дык i горад у мiнулым беларускi, — пацвярджаем мы зямляцкiя сувязi, чым вiдавочна здзiўляем чалавека да глыбiнi душы: — Пра-аўда?".

Праўда, але мы ўжо i самi не верым: у мясцовым гiстарычным музеi, здаецца, вырашылi абмежавацца адрэзкам часу з 1800 па 1917 год; няма нiводнай экспазiцыi, прысвечанай Беларускай СССР, нi слова пра перыяд ВКЛ i тым больш пра ІХ стагоддзе i раней. "Археалагiчныя экспанаты ёсць некаторыя, але iх пакуль не выстаўляем, — тлумачыць супрацоўнiца музея, — у некаторых залах iдзе рамонт, няма месца. Схадзiце лепш на прыродазнаўчую экспазiцыю". У прыродазнаўчай — зазiраем краем вока ў расчыненыя дзверы — тыя ж дзiкi, ласi i казулi, што ёсць у нас у кожным краязнаўчым музеi.

У музеi "Смаленскi лён" беларускага каларыту таксама практычна не адчуваецца — большасць рэчыўных экспанатаў прывезеная з Яраслаўскай, Архангельскай i ўласна Смаленскай губерняў, сучасныя вышыўкi, тканыя ручнiкi ды паясы зробленыя мясцовымi майстрыхамi, хiба што ў некаторых вышываных элементах, клетках спаднiцы—панёвы i ласкутных коўдрах спецыялiсты знойдуць тое, што можна назваць спрадвечна беларускiмi матывамi.

Згаладаўшы за час беганiны, набываем у царкоўнай краме Успенскага сабора па рагалiку, але для поўнага шчасця трэба яго запiць малаком — смак, знаёмы з дзяцiнства. Заходзiм у блiжэйшы супермаркет — i тут, нарэшце, бачым "беларускi след" — на палiцах з малочнымi прадуктамi пазнаём этыкеткi "Малочнага гасцiнца" i "Савушкiна".

— А вам хiба не забаранiлi гандляваць беларускiм малаком? — недаверлiва перапытваю ў прадаўшчыцы.

— Не ведаю, што там сабе чыноўнiкi парашалi, а нам дырэктар сказаў так: усю гэтую партыю, пакуль ёсць запас, прадаём. Праверкi нiякiя да нас не заходзiлi, а губляць грошы i выкiдваць на сметнiк добры прадукт — навошта? Глядзiце, яго ўжо амаль разабралi, — сапраўды, на палiцах няма нi смятаны, нi сыру, толькi "тэтрапакi" з малаком. — Калi блiжэй да вечара зноў зойдзеце, i гэтага можа не быць, — запэўнiвае дзяўчына, — у нас многiя пастаянныя пакупнiкi менавiта яго бяруць.

— I я заўжды бяру, — далучаецца да гаворкi пажылая жанчына, — у мяне ўнук вельмi любiць тваражок беларускi. На мiнулым тыднi набрала з запасам, але што далей буду рабiць — не ведаю, давядзецца, напэўна, штодня з ранiцы на вакзал бегчы.

— А што, на вакзале дагэтуль прадаюць? — зацiкавiлiся мы. — Дык, можа, i нам лепш там купiць?

— Ну, спахапiлiся, — усмiхаецца жанчына. — Там ужо ў абед нiчога няма, "чаўнакi" хуценька ўсё распрадаюць i назад вяртаюцца, а па два рэйсы, вiдаць, нiхто не робiць. Ды там яшчэ i мiлiцыя ганяе... Хоць бы ўжо хутчэй скончылiся гэтыя "малочныя разборкi", церпяць жа звычайныя людзi! — у сэрцах кiдае яна.

Ужо з прынцыпу абыходзiм некалькi крамаў, заўважаючы тэндэнцыю: у буйных супермаркетах беларускага малака няма, у адным нават вiсiць адпаведная аб'ява, у маленькiх непрыкметных крамах раз-пораз на палiцах сустракаецца некалькi "тэтрапакаў". Блiжэй да вечара — i адваротнага цягнiка — наўмысна зазiраем зноў у першы ўнiвермаг. Прадаўшчыцы там ужо змянiлiся, але дзяўчына нас не падманула, на палiцы сiратлiва стаяць толькi два "Савушкiны".

...А iншых беларускiх слядоў у Смаленску мы так i не знайшлi, калi не лiчыць такiмi фiрменную краму "Мiлавiцы" i рэкламную аб'яву "Добрые окна".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

Паводле: www.zviazda.by

12.06.09 Сумесны смаленска-беларускі праект стартуе ў Менску

Да 65-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў стартуе сумесны праект, у якім удзельнічаюць Нацыянальны музэй гісторыі і культуры Беларусі і Смаленскагі музэй.

У Менску будзе працаваць экспазыцыя выратаваных рэліквіяў - экспанатаў, зьвезеных у свой час немцамі з гораду на Дняпры. Менскаму гледачу будзе прадстаўлена парадку 70 каштоўнасьцяў з фондаў музэя ў Смаленску, у тым ліку, вырабы з золата, срэбра, мэбля, карціны, слуцкія паясы.

Паводле: www.nasledie.smolensk.ru

 

11.06.09 У Смаленску падведзены вынікі абласнога конкурсу па эфэктыўным выкарыстаньні і прыстасаваньню Смаленскай крэпасной сьцяны

29 траўня 2009 г. адбылося пасяджэньне конкурснай камісіі па падвядзеньні вынікаў конкурсу па эфэктыўным выкарыстаньні і прыстасаваньню Смаленскай крэпасной сьцяны.

На конкурс было прадстаўлена 6 праектаў. Вынікі конкурсу можна знайсьці ТУТАКА

09.06.09 Смаленскія каталікі ўсталявалі помнік біскупу Дзянісевічу

Стэфан Дзянісевіч узначальваў рымска-каталіцкі прыход у Смаленску каля трох дзесяцігодзьдзяў. У час сваёй душпастарскай працы ён удасканальваў, упрыгожваў будынак старога касьцёлу Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы (1866-1894), а затым арганізоўваў будаўніцтва Касьцёлу Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, які існуе дагэтуль. Стэфан Дзянісевіч прасіў перад сьмерцю пахаваць сябе на смаленскай зямлі, і яго просьба была выканана.

Першы помнік біскупу быў створаны яшчэ да рэвалюцыі на сродкі каталіцкага прыходу. Яго ўсталявалі ў першую гадавіну сьмерці Стэфана Дзянісевіча. Узводзіў помнік купец другой гільдыі Лонгін Аляксандравіч Глембавецкі, уладальнік цагельні і кафлянага заводу, які каля 20 гадоў быў у Смаленску касьцёльным старастам. Помнік праіснаваў да 1970-х гадоў, потым быў выкрадзены.

Калі каталікі адзначалі 15-годзьдзе адроджанага смаленскага прыходу, яны вырашылі сабраць грошы і аднавіць помнік памерламу біскупу. На працягу года атрымалася сабраць 125 тысяч рублёў - усё гэта добраахвотныя ахвяраваньні вернікаў. Зараз на помніку зьмешчаны партрэт і герб біскупа, унізе малітва "Ave Maria".

10 красавіка яго высьвянціў польскі біскуп, які прыбыў у Смаленск з Варшавы.

Паводле: www.nasledie.smolensk.ru

 

07.06.09 Беларускія чаўнакі актыўна закупляюць прадукцыю на Смаленшчыне

Прадпрымальнікі з Беларусі сталі вывозіць са Смаленшчыны імпартную электроніку і бытавую тэхніку, вопратку з фірмовых крамаў і прадукты харчавання з аптовых рынкаў. Пра гэта паведамляе "Российская газета".
 
Смаленшчына — галоўныя "заходнія вароты" Расіі — мяжуе з Віцебскай і Магілёўскай абласцямі Беларусі. На пачатку 90-х шмат для каго стаў прывабным чаўнаковы гандаль — не рэгуляваны, але насамрэч вельмі маштабны. У Расію везлі ўсё, што прадавалася ў беларускіх крамах — ад хлеба да міні-трактароў.

Але цяпер тавары ў чаўнакоў падарожнічаюць не ў Расію, а наадварот. Такія прадукты, як алей, макароны, яйкі, маянэз, крупы, беларусам выгадней купляць па іншы бок мяжы.
Паводле: www.euroradio.fm

24.05.09 Смаленскі касьцёл зьбіраюцца зьнесьці?

Ужо працяглы час як у Смаленску, так і ў Беларусі вядуцца спрэчкі наконт лёсу адзінага смаленскага рыма-каталіцкага Касьцёлу Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі.

Карыстальнік ЖЧ Catholic_by Andrej Wojsłaŭ Mikałajeŭ-Paszkiewicz піша: "Для Беларусі й беларушчыны касьцёл у Смаленску важны не ў апошнюю чаргу тым, што будаваў яго архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі. Захаваць гэты помнік архітэктуры, помнік беларускай спадчыны мусіла б стаць справай гонару для беларускага грамадзтва й беларускай дзяржавы.

У беларускім грамадзтве на сёньняшні момант ёсьць некалькі групаў, якія б маглі ўзяць на сябе такую ініцыятыву. Ліцьвіны! Каталікі! Аматары дыфузіі з рэжымам! Зьбярыцеся ды разам зь беларускай дзяржавай аднавіце касьцёл у Смаленску!"

Тым не меньш, далей за размовы нічога не ідзе, бо няма ніякай  ініцыятывы  з боку мясцовых жыхароў і, галоўнае, уладаў. Адкуль прыйдзе дапамога - зь Беларусі, Польшчы, Летувы, Рыму? Прапануем абмеркаваць гэтую тэму на форуме "Беларускай Смаленшчыны"

Яшчэ матэрыялы па гэтай тэме:

Католическая церковь в Смоленске - день сегодняшний

Смаленскі форум па праблеме мескага рыма-каталіцкага храму

Cмаленскі касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі на фотаздымках

Admin





Гасьцёўня · Спасылкі · Рознае · Смаленшчына · Галерэя
©Беларуская Смаленшчына, 2007-2010, усе правы абароненыя.Выкарыстаньне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiпэрспасылкi)
         
ВебСтолица.РУ: создай свой бесплатный сайт!  | Реклама | Жалоба  
Amiro CMS: Работает на системе управления сайтом